Пацалунак на фоне гор (зборнік). Анатоль Бутэвіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пацалунак на фоне гор (зборнік) - Анатоль Бутэвіч страница 6
Высокі дух паклікаў цябе стаць Мамай. Вышэй за гэта нічога няма. Нават звяры і маленькія кузуркі бароняць сваіх дзяцей. А ты хочаш знішчыць мяне?! Звесці са свету сваю крывіначку?! Чым жа ўгнявіла я цябе, мая мамачка? Чым не дагадзіла табе?
Як горка, як маркотна мне. Адно я тут. Як былінка ў полі. І сэрца маё – як незагойная рана. Хіба не адчуваеш ты, як прагну я пабачыцца з табой? Як хочацца з цёмнай хаткі выбрацца на святло тваіх вачэй! Каб атуліць іх сваімі гарачымі пацалункамі…»
Чаго толькі не зведала я. Калі пра ўсё расказаць, ніхто не паверыў бы. Маю маці аб’явілі б жорсткай, неразумнай. Гэтага я не хачу. Я не спазнала поклічу жорсткасці. Я не ведаю помсты.
Мне вельмі карціць убачыць той вялікі свет. Адчуць яго, зразумець. Я ж не бачыла святла. Я не ведаю жывога зямнога жыцця. Няўжо ніколі не зірну на гэты Божы цуд?
І таму я пусцілася на хітрыкі. Стаілася, заціхла. Доўга маўчала. Пакуль не падалося, што мацярынская злосць мінулася. Тады я зноў нагадала пра сябе.
Аднак няхай бы маўчала я і далей. Хай бы мая маўклівасць выдавала за маю адсутнасць.
Лепш маўкліва цярпела б тое, што цярпець балюча і крыўдна. Бо мой напамінак каштаваў мне дорага. Мяне вырашылі пазбавіцца. Зусім. Я гэтага не разумела. Мне здавалася, што маці хоча пазнаёміцца са мной. Але я памылілася. За такую даверлівасць ледзь не паплацілася жыццём.
Тады я моцна ўчапілася за мацярынскае ўлонне. Мне так хацелася застацца жывым, што мая маці нічога не магла зрабіць. Яна здалася і адступілася. Так падалося мне.
Але я зноў падманулася. Гэта быў часовы зацішак. Матчына зласлівасць затаілася. Аднак яна паспела атруціць мяне. Я адчула гэта. Нешта ўва мне змянілася. Я піла сокі, але не адчувала дужасці. Мне ж хацелася набрацца сілы. На ўсялякі выпадак. На чорны дзень.
Аказалася, ён будзе ў мяне не адзін. Я стала разумець паводзіны маці. Прадчувала прыступы яе злосці. Тады я заціхала. Старалася не піць жыццёвых сокаў. У гэты момант яны былі атручаны злосцю і помстай.
«Але за што такая злосць? За што помста? Я ж нічога, акрамя радасці, не жадаю табе, мая мамачка. І за гэтую радасць – крыўда, злосць, помста? Хіба забылася ты, як люляла, як песціла цябе твая маці? Як заходзілася ад шчасця яе сэрцайка, калі ты ласкава шчабятала: «Ма-ма, ма-ма…» Я ж ніколі не змагу вымавіць гэтага слоўка. Не паспею пацешыць цябе. А мне хочацца ўбачыць твой твар. Зірнуць у твае вочкі. Паслухаць тваю калыханку. Ды чуецца мне нешта развітальнае і журботнае…»
Я не магу зразумець, чаму там, у вялікай прасторы, людзям не хапае месца. Няўжо ім цясней, чым мне тут? Відаць, ім бракуе шчырасці і спагадлівасці. Бо на радасць і добрыя намеры яны адказваюць благімі ўчынкамі. Дык мо лепей заставацца тут бясконца доўга? Пакуль не прытупіцца іхняя злосць.
Аднак мне становіцца ўсё цясней. Я намагаюся пашырыць сваё ўлонне. Але чым далей, тым цяжэй гэта ўдаецца. І ўсё больш атрутных сокаў уліваецца