Шал (зборнік). Юры Станкевіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Шал (зборнік) - Юры Станкевіч страница 25
Дадому ён ішоў позна ўвечары. Сутонела. У начным небе вісеў яркі, бліскучы і дакладна акрэслены Месяц.
Візіт алігафрэна
Сход праходзіў, як звычайна праходзілі сходы ў апошні час: заняў сваё месца прэзідыум, выступілі выкладчык, сакратары партячэйкі і камітэта камсамола, студэнты. Гаварылі больш пра тое, што шкоднікі і ворагі яшчэ дзейнічаюць ва ўстановах і трэба быць пільнымі, што арыштаваныя раней злачынцы, пэўна, пакінулі пасля сябе агентуру. Як і надоечы, асабліва раз’юшваліся жанчыны: іх выступленні часта пераходзілі ў віск – напружанне ў зале большала, каб потым пайсці на спад.
Студэнт Янка Белавус – сутулы і светлавалосы, з мяккімі рысамі твару – сядзеў у апошнім радзе і глядзеў на сцэну, дзе над прэзідыумам і бліжэй за партрэт правадыра бялела скручанае ў рулон палатно – будучы экран. Напрыканцы абяцалі паказаць мастацкі фільм, які называўся «Партыйны білет».
За шырокім акном, якое было бліжэй да яго і куды ён кідаў іншы раз позірк, віднеўся невялічкі кавалак пахмурнага неба ды палымнела верхавіна кволага клёна, які рос тут, заціснуты з усіх бакоў асфальтам. Раз-пораз з дрэва аддзяляўся крывавачырвоны ліст і планіраваў долу. Пасля самае буйное і прыгожае лісце падбяруць дзяўчаты, астатняе змяце ў вядро прыбіральшчыца. А потым надыдуць халады і ляжа зіма.
Янка Белавус зноў прыслухаўся да таго, што выкрыкваў з трыбуны чарговы прамоўца, і перасмыкнуў плячыма. Твар яго на які міг пакутліва зморшчыўся, але ён інтуітыўна стаў церці моцнымі доўгімі пальцамі запалыя, загарэлыя з лета шчокі і бледны лоб (ён працаваў летам у кепцы – ад сонца), і твар зноў стаў такі, як належыць, – не абыякавы і пагардлівы, а быццам узрушаны і гнеўна зацікаўлены, бо такія былі твары тых, хто сядзеў побач.
Янка Белавус глядзеў, як у фінале фільма зорка нямога кіно Ада Войцік павяла пад пісталетам у органы мужа за тое, што ён утаіў сваё паходжанне – аказаўся з заможнай сялянскай сям’і.
Янка таксама паходзіў з сялянскай сям’і, быў адзіным у бацькоў сынам і змалку выявіў здольнасці да навукі, таму яны вырашылі, хоць і запозна, вучыць яго далей. Ён быў пераросткам сярод аднакурснікаў, але вучыўся добра. Дзве сястры працавалі ў калгасе і, калі Янка наведваўся ў вёску, саромеліся яго. У вёсцы стала неяк вусцішна, бацька больш маўчаў, сказаў толькі яму, каб асцерагаўся людзей там, у Мінску, пакуль такі час, а пытанне «Які такі?» пакінуў без адказу.
Кіно скончылася, і Янка Белавус ішоў па вуліцы. Было ціха і даволі цёпла. Сустрэчныя дзяўчаты здаваліся прыгажэйшымі адна за другую, ён нават азірнуўся, калі трапіла насустрач асабліва пекная. Дзяўчына неўзабаве скіравала за вугал, а ў сябе позаду ён убачыў прыкладна сваіх гадоў