Шал (зборнік). Юры Станкевіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Шал (зборнік) - Юры Станкевіч страница 22
Тут, на гарышчы, яго зноў ахапіла амаль невыразнае пачуццё трывогі і чамусьці суму. «Навошта я шукаю? Што тут, склад гэтых карцін? – прамільгнула ў галаве, – мо, трэба было лепш пазваніць у горад, няхай едуць і шукаюць».
Паступова вочы звыкліся з цемнатой. Ён бачыў напаўразбураны комін, шэрыя, у павуцінні, кроквы. Праз гэтае павуцінне дзе-нідзе залаціўся, падаючы ўніз скрозь дзіркі ў даху, тонкі сонечны прамень. Сарваліся са сваіх схованак і пачалі бязгучна кідацца нейкія невыразныя цені. Гэта былі кажаны.
Нічога. Пыл казытаў яму нос, тахкала ў грудзях сэрца. «Як жа трапіла сюды карціна? Але не дзіва – некалькі гадоў назад Той вандраваў у гэтых мясцінах. А колькі ім было згублена, колькі прапала», – падумаў Іван Шашкоў. Ён спусціўся ўніз і пайшоў дахаты.
Дома ён выпіў крыху малака, якое пакідала яму гаспадыня, і хацеў адпачыць (ён вельмі сачыў за сваім здароўем), але душэўная ўзрушанасць не давала спакою. «Хоць бы хутчэй прыехаў хто з сям’і, – паспачуваў ён сам сабе. – Абяцалі ж на днях».
Ён зноў разгарнуў палатно, асцярожна прышпіліў яго да сцяны, дзе ўжо вісела некалькі яго карцін і эцюдаў, зробленых за мінулае лета. Ён уздрыгнуў, бо адразу нешта змянілася. Нібы сюды, у ціхі пакойчык, уварваўся гарачы паўднёвы вецер. «Спалучэнне фарбаў неверагоднае, але, як ні дзіўна, усё складае адзіную гармонію, – прафесійна зазначыў ён. Карціна пакідала ў ім нейкае цяжкае ўражанне. «Чаму? – думаў ён. – Што гэта такое ўвогуле? Прымітывізм у стылі Мытніка Русо, ці «сон розуму»? Іван Шашкоў неяк раптам зразумеў, што гэтае палатно супярэчыць духу яго карціны, што яно тут, як сцяг невядомых сіл, якія апярэдзілі час..
Упершыню Іван Шашкоў задумаўся над тым, чаго ён варты як мастак.
Ён быў модным, лічыўся лібералам, але, гледзячы цяпер на гэтыя свае старанна выпісаныя ў карычневых тонах цэркаўкі, на гэтыя пейзажы з «нуд», бо пакінуў маляваць на тэмы вайны – час быў ужо іншы – упершыню акрэсліваў тое, што даўно хавалася на самым дне душы і ў чым ён не мог раней сабе прызнацца. Нібы разам з гэтай карцінай з гарышча ён прынёс сюды і вывесіў на сцяну сваё сумленне. «Узяць ды занесці назад, – падумаў ён, – закапаць зноў». Цяпер ён амаль ненавідзеў яе. Лухта. Гэта не мастацтва. Нейкае напаўтрызненне, апантанасць на