Прыгоды ўдалага салдата Швейка. Яраслаў Гашак
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Прыгоды ўдалага салдата Швейка - Яраслаў Гашак страница 42
– I святую Людмілу люблю, і святога Бернарда, – працягваў былы настаўнік закона божага. – Ён выратаваў шмат падарожнікаў на Сен-Гатардзе. У яго на шыі бутэлька з каньяком, і ён адшуквае засыпаных снегам.
Забава атрымала новы накірунак, набожны фельдкурат пачаў плесці лухту.
– Дзетак я шаную, іх свята 28 снежня, а Ірада ненавіджу. Калі курыца спіць, дык свежых яек не чакай.
Ён засмяяўся і заспяваў: «Святы божа, святы моцны…», але адразу ж перапыніў свой спеў і, звяртаючыся да Каца, рэзка спытаў:
– Вы не верыце, што 15 жніўня свята Успення панны Марыі?
Забава была ў поўным разгары. З’явіліся яшчэ бутэлькі, і час ад часу чуўся голас Каца:
– Скажы, што не верыш у бога, бо не налью. Здавалася, што вяртаюцца часы праследавання першых хрысціян. Былы прапаведнік закона божага спяваў нейкую песню пакутнікаў рымскай арэны і галасіў:
– Веру ў пана бога і не адракуся ад яго! Забяры сваё віно! Mагу і сам па яго паслаць.
Нарэшце яго ўклалі ў ложак. Але перш чым заснуць, ён абвясціў, узняўшы правую руку, як для прысягі:
– Веру ў бога-айца, сына і святога духа! Прынясіце мне малітоўнік!
Швейк сунуў яму ў рукі першую, Якая трапіла пад руку, кнігу з тых, што ляжалі на начным століку гаспадара, і набожны фельдкурат заснуў з «Дэкамеронам» Бакача ў руцэ.
Раздзед XIII. Швейк едзе сабораваць
Фельдкурат Ота Кац задуменна сядзеў над цыркулярам, які яму толькі што прынеслі з казармаў. Гэта быў загад вайсковага міністэрства: «Гэтым вайсковае міністэрства адмяняе на час ваенных дзеянняў усе пастановы наконт саборавання воінаў, што дзейнічалі да гэтага часу. Да ведама і выканання вайсковага духавенства вызначаюцца наступныя правілы: 1. Сабораванне на фронце адмяняецца.
2. Цяжкахворым і параненым не дазваляецца з мэтай саборавання перамяшчацца ў тыл. Чынам вайсковага духавенства ставіцца ў абавязак вінаватых у парушэнні гэтага неадкладна перадаваць у адпаведныя вайсковыя ўстановы на прадмет далейшага пакарання.
3. У тылавых вайсковых шпіталях сабораванне можа быць праведзена ў групавым парадку на падставе вываду вайсковых лекараў, паколькі ўказаны абрад не парушае працы названых устаноў.
4. У выключных выпадках Управа тылавых вайсковых шпіталяў можа дазволіць некаторым асобам у тыле прыняць сабораванне.
5. Чыны вайсковага духавенства абавязаны па выкліку Управы вайсковых шпіталяў праводзіць сабораванне тым, каму Управа прапануе прыняць сабораванне».
Фельдкурат яшчэ раз перачытаў адносіну, у якой яму паведамлялася, што заўтра ён павінен з’явіцца ў вайсковы шпіталь на Карлавай плошчы для саборавання цяжкапараненых.
– Паслухайце, Швейк, – паклікаў фельдкурат, – ці не свінства гэта? Як быццам ва ўсёй Празе адзіны фельдкурат – гэта я. Чаму туды не пашлюць таго набожнага