Прыгоды ўдалага салдата Швейка. Яраслаў Гашак
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Прыгоды ўдалага салдата Швейка - Яраслаў Гашак страница 44
З той прычыны, што строгі пан настолькі знясіліўся, што яму не прыйшла ў галаву ніводная новая лаянка, і таму замоўк, Швейк палічыў, што дарэмна ён будзе чакаць дадаткаў. Ён расчыніў дзверы, паставіў строгага пана на парогу тварам да лесвіцы і… за такі ўдар не пасаромеўся б найлепшы гулец самай знакамітай футбольнай каманды міжнароднага класа.
A следам за строгім панам па сходах нёсся Швейкаў голас:
– У наступны раз, калі пойдзеце ў адведкі да прыстойных людзей, будзеце паводзіць сябе слушна.
Строгі пан доўга яшчэ хадзіў па-над вокнамі, чакаючы фельдкурата, а Швейк праз адчыненае акно назіраў за ім.
Нарэшце госць дачакаўся. Фельдкурат адвёў яго ў пакой і пасадзіў у крэсла насупраць сябе.
Швейк моўчкі прынёс плявальніцу і паставіў яе перад госцем.
– Што вы робіце, Швейк?
– Асмелюся далажыць, пан фельдкурат, з гэтым панам ужо была невялікая непрыемнасць з-за яго плявання на падлогу.
– Пакіньце нас адных, Швейк, нам сёе-тое трэба ўладзіць паміж сабой.
Швейк выцягнуўся і аддаў чэсць.
– Слухаюся, пан фельдкурат, пакідаю вас адных. I пайшоў на кухню. У пакоі пачалася надта цікавая размова.
– Вы прыйшлі атрымаць грошы па вэксалю, калі не памыляюся? – спытаў фельдкурат свайго госця.
– Так, і спадзяюся… Фельдкурат уздыхнуў.
– Ведаеце, часта здараецца, што трапляеш у такую сітуацыю, калі застаецца толькі спадзявацца. О, як прыгожа гучыць гэтае слова «спадзяванне» з таго трылісніку, які ўзвышае чалавека над хаосам жыцця: «вера», «спадзяванне», «любоў»…
– Я спадзяюся, пан фельдкурат, што сума…
– Бясспрэчна, шаноўны пане, – перапыніў яго фельдкурат, – я магу паўтарыць яшчэ раз, што слова «спадзяванне» дае чалавеку сілу ў яго жыццёвай барацьбе. Не губляйце надзеі і вы. Як гэта цудоўна: мець пэўны ідэал, быць бязвінным, чыстым стварэннем, якое пазычае грошы пад вэксаль і мае надзею, што атрымае іх назад своечасова. Спадзявацца, увесь час спадзявацца, штоя выплачу вам тысячу дзвесце крон, калі ў мяне ў кішэні няма і сотні.
– Значыцца, вы… – пачаў заікацца госць.
– Значыцца, я, – адказаў фельдкурат.
На твары госця зноў з’явіўся ўпарты і злосны выраз.
– Пане, гэта жульніцтва, – сказаў ён, устаючы.
– Супакойцеся, шаноўны…
– Гэта жульніцтва! – упарта крычаў госць. – Вы ашукалі мой давер.
– Пане, – сказаў фельдкурат, – вам, несумненна, пойдзе на карысць перамена паветра. Тут занадта душна. Швейк, – крыкнуў ён у кухню, – гэтаму пану прыйшоў час выйсці на свежае паветра.
– Асмелюся далажыць, пан фельдкурат, – пачулася з кухні, – я гэтага пана ўжо адзін раз выкідваў.
– Паўтарыць! –