Прыгоды ўдалага салдата Швейка. Яраслаў Гашак
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Прыгоды ўдалага салдата Швейка - Яраслаў Гашак страница 47
– Сто крон у мяне ёсць, – сказаў Швейк, – магу вам пазычыць.
– Давайце іх сюды, – ажыў фельдкурат. – Я іх тут жа аднясу Лукашу. Я, дапраўды, не хацеў бы з вамі расстацца.
Лукаш быў надта здзіўлены, убачыўшы зноў у сябе фельдкурата.
– Іду сплаціць доўг, – заявіў фельдкурат, пераможна азіраючы прысутных. – А дайце і мне карту.
– Ану, – прамовіў ён, калі падышла яго чарга. – Гоп! Перабраў усяго адно ачко, – дадаў ён. – Ну што ж, гуляць дык гуляць. – Сказаў ён напачатку другога раунда. – Мне! Хопіць.
– Дваццаць, – аб’явіў банкаўшчык.
– А ў мяне дзевятнаццаць, – ціха вымавіў фельдкурат, аддаючы банкаўшчыку апошнія сорак крон з сотні, якую пазычыў яму Швейк, каб выкупіцца з новага прыгону.
Вяртаючыся дадому, фельдкурат прыйшоў да пераканання, што ўсё скончана, што Швейка нішто не можа ўратаваць і што яму вызначана лёсам служыць у надпаручніка Лукаша.
I калі Швейк адчыніў яму дзверы, сказаў:
– Усё дарэмна, Швейк. Супраць лёсу не папрэш. Я прайграў і вас, і вашы сто крон. Я зрабіў усё, што ў маіх сілах, аднак лёс быў мацнейшы за мяне. Ён кінуў вас у лапы надпаручніка Лукаша. I надыдзе час, калі мы вымушаны будзем расстацца…
Швейк пайшоў гатаваць грог. Бліжэй да ночы фельдкурат, якога Швейк ледзьве давалок да ложка, ударыўся ў слёзы і загаласіў:
– Прадаў я цябе, дружа, ганебна прадаў. Пракляні мяне, стукні – так мне і трэба! Аддаў я цябе на волю лёсу. Не магу я табе ў вочы глядзець. Кусай мяне, раздзяры, зніштажай! Я не заслужыў лепшага. Ведаеш, хто я?
I фельдкурат, уткнуўшы заплаканы твар у падушку, ціхім, пяшчотным голасам вымавіў:
– Я бесхарактарны нягоднік, – і заснуў, нібыта на дно пайшоў.
На другі дзень фельдкурат, пазбягаючы погляду Швейка, на золку выйшаў з дому і вярнуўся толькі ўначы з нейкім тоўстым пехацінцам.
– Швейк, – сказаў ён, па-ранейшаму не гледзячы на Швейка, – пакажыце яму, дзе што ляжыць, каб ён арыентаваўся, і навучыце яго варыць грог. Ранкам з’явіцеся да надпаручніка Лукаша.
Швейк з новым дзеншчыком прыемна правялі ноч за прыгатаваннем грогу. Пад раніцу тоўсты пехацінец ледзьве стаяў на нагах і мармытаў нейкую дзіўную сумесь з розных народных песень: «Каля Ходава бруіцца вадзічка, налівае там піва мая маладзічка… Гара, гара высокая, дзяўчаты ішлі дарогаю… На Белай гарэ мужычок арэ…»
– За цябе я не баюся, – сказаў Швейк. – З такімі талентамі ты ў фельдкурата затрымаешся надоўга.
Вось так і выйшла, што ў тую раніцу надпаручнік Лукаш упершыню ўбачыў сумленныя, шчырыя вочы ўдалага салдата Швейка, які адрапартаваў:
– Маю гонар далажыць, пан обер-лейтэнант, – я – той самы Швейк, якога пан фельдкурат прайграў у карты.