Прыгоды ўдалага салдата Швейка. Яраслаў Гашак
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Прыгоды ўдалага салдата Швейка - Яраслаў Гашак страница 7
Швейк толькі закончыў сваю прамову ў абарону турэмнага ўтрымання грамадзян, як наглядчык адчыніў дзверы ікрыкнуў:
– Швейк, апранайцеся і ідзіце на допыт!
– Я, канечне, апрануся, – адказаў Швейк, – супраць гэтага я нічога не маю, але баюся, што тут нейкая памылка. Мяне ўжо адзін раз выгналі з допыту. I потым, я баюся, што астатнія паны, якія тут сядзяць са мной, пачнуць гневацца на мяне за тое, што я іду на допыт другі раз запар, а яны яшчэ ні разу за гэты вечар не былі.
– Вылазь і не балбачы! – пачулася ў адказ на Швейкава джэнтльменства.
Зноў Швейк апынуўся перад панам злачыннага тыпу, які без усякіх акалічнасцей спытаў цвёрда і рашуча:
– Вы прызнаяцеся ва ўсім?
Швейк утаропіў свае добрыя блакітныя вочы на няўмольнага чалавека і мякка сказаў:
– Калі вы жадаеце, ваша міласць, каб я прызнаўся, то я прызнаюся. Мне гэта не пашкодзіць. Але калі вы скажаце: «Швейк, не прызнавайцеся ні ў чым», дык я буду выкручвацца, хоць крой мяне на кавалкі.
Суровы пан нешта напісаў на пратаколе і, падаючы Швейку пяро, сказаў яму падпісацца. I Швейк падпісаў паказанні Брэтшнайдэра з такім дадаткам:
«Усе вышэйпададзеныя абвінавачанні супраць мяне грунтуюцца на праўдзівых фактах.
Падпісаўшыся, Швейк звярнуўся да суровага пана:
– Яшчэ што-небудзь падпісаць? Ці лепей прыйсці ранкам?
– Ранкам вас павязуць у крымінальны суд, – пачуў ён у адказ.
– А ў колькі часу, ваша міласць? Каб, крый мяне божа, не праспаць?
– Вон! – зноў зароў пан з другога боку стала, перад якім стаяў Швейк.
Вяртаючыся да свайго новага, закратаванага жытла, Швейк сказаў свайму канваіру: