Прыгоды ўдалага салдата Швейка. Яраслаў Гашак
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Прыгоды ўдалага салдата Швейка - Яраслаў Гашак страница 9
Судова-медыцынская камісія, якая павінна была вырашыць, ці павінен Швейк, прымаючы пад увагу яго псіхічны стан, несці адказнасць за ўсё тыя злачынствы, у якіх ён абвінавачваецца, складалася з трох надзвычай сур’ёзных паноў, прычым погляды аднаго ні ў чым не сыходзіліся з поглядамі двух іншых. Тут былі прадстаўлены тры розныя навуковыя школы псіхіятраў.
I калі ў выпадку Швейка ўсталявалася поўная згода паміж трыма супрацьлеглымі навуковымі лагерамі, то гэта можна вытлумачыць толькі тым велізарным уражаннем, якое на ўсю камісію зрабіў Швейк, калі, увайшоўшы ў залу, дзе павінны былі даследаваць стан яго псіхікі, і заўважыўшы на сцяне партрэт аўстрыйскага імператара, выкрыкнуў: «Панове, няхай жыве імператар Франц-Іосіф Першы!»
Справа была зусім відавочная. Пасля гэтай спантаннай заявы Швейка адпаў цэлы шэраг пытанняў, засталося толькі некалькі найважнейшых. Адказы на іх павінны былі пацвердзіць першапачатковую думку пра Швейка, складзеную на падставе сістэмы доктара псіхіятрыі Калерсона, доктара Гевероха і англічаніна Уікінга*.
– Радый цяжэйшы за свінец?
– Я іх, прабачце, не ўзважваў, – са сваёй мілай усмешкай адказаў Швейк.
– Ці верыце вы ў канец свету?
– Спачатку я павінен гэты канец убачыць, – нядбайна кінуў Швейк. – Але, ва ўсякім выпадку, заўтра я яго яшчэ не прычакаю.
– Вы змаглі б вылічыць дыяметр зямнога шара?
– Прабачце, не здолеў бы, – адказаў Швейк. – Але, панове, я таксама хацеў бы загадаць вам адну загадку. Перад вамі чатырохпавярховы дом, на кожным паверсе па восем акон, на даху два акны і два коміны, на кожным паверсе па два кватаранты. А цяпер, панове, адкажыце, у якім годзе памерла ў дворніка яго маці?
Судовыя лекары шматзначна пераглянуліся, тым не менш адзін з іх задаў яшчэ такое пытанне:
– Ці не ведаеце вы, якая найбольшая глыбіня ў Ціхім акіяне?
– Гэтага, прабачце, не ведаю, – быў адказ. – Але думаю, што будзе глыбей, чым пад Вышаградскай скалой на Влтаве*.
– Дастаткова? – коратка спытаў