Зоркі над вельдам (зборнік). Коллектив авторов
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Зоркі над вельдам (зборнік) - Коллектив авторов страница 7
Грыта Прынсла мусіла вярнуцца дахаты з пансіёна шляхетных дзяўчат у Зэйрусце, куды яна паехала вучыцца ангельскім манерам, пісанню дыктовак і іншым высакародным прадметам. А таму, каб адзначыць яе прыезд, Вілем Прынсла, бацька Грыты, наладзіў грандыёзныя танцы на сваёй аб’ятэрскапскай ферме.
Мяне на свята запрасілі. І Фрыца Прэторыюса таксама. І ўсіх белых з нашай мясцовасці ад Дэрдэпорта да Рамоўтсы. Больш за тое, практычна ўсе яны прыйшлі. Натуральна, кожны з нас хваляваўся перад сустрэчай з Грытай. У пансіёне шляхетных дзяўчат яна засвоіла столькі ўзвышаных навукаў, што цяпер мы не наважыліся б балбатаць з ёй па-простаму, нібы яна звычайная бурская дзяўчына. Але найболей у Аб’ятэрскап нас прыцягвала слава Вілема Прынсла, які рабіў найлепшы персікавы брэндзі ў нашых мясцінах.
Фрыц Прэторыюс загаварыў са мной пра бяду, якой нарабіла Грыціна навука.
– Эх, дружа, – сказаў ён, – каб ты ведаў, як я баюся загаварыць з ёй! Але я ўзяўся крыху падцягнуць свае веды. Учора вось дастаў старую грыфельную дошку, на якой пісаў яшчэ ў школе, апошні раз сямнаццаць гадоў таму, і рашыў некалькі прыкладаў. Складаў ды адымаў. Паспрабаваў быў крыху памножыць, але ж я зусім забыўся, як гэта робіцца.
Я сказаў Фрыцу, што хацеў бы яму дапамагчы, але так далёка, як да множання, я ў навуцы ніколі не прасоўваўся.
Надышоў дзень танцаў. Паштовая павозка, везучы Грыту да дома яе бацькі, мінула раніцою Драгедал. Па абедзе я апрануўся. Надзеў чорны пінжак, жаўтавата-карычневыя штаны і ружовую кашулю. А таксама абуў карычневыя боты, што набыў каля году таму і яшчэ не меў нагоды выйсці ў іх у людзі. Бо я б выглядаў поўным дурнем, расхаджваючы па ферме ў крамных ботах, калі наўкола ўсе носяць самаробныя вельдскуны.[33]
Сеўшы на каня і выправіўшыся ўніз па Урадавай дарозе, фарсіста ссунуўшы капялюш набок, я быў упэўнены, што на танцах лёгка стану першым франтам.
Сонца ўжо пачынала садзіцца, калі я наблізіўся да падножжа Аб’ятэрскапа, якое мусіў аб’ехаць, каб дабрацца да фермы Вілема Прынсла, што мясцілася ў лагчыне між двух узгоркаў. Едучы, я думаў, што за глупства пасяліцца ў месцы, дзе, кажуць, водзяцца прывіды. Дрэвы тут былі вышэйшыя і гусцейшыя, як і паўсюль, дзе зямля падымаецца ўгору. А таксама нашмат цямнейшыя.
Наўкола тут ляжалі цяжкія дзікаватыя цені. Мне яны былі зусім не даспадобы. Я ўспамінаў гісторыі пра ведзьмаў Аб’ятэрскапа і тое, што яны рабілі з падарожнікамі, заблукалымі ў цемры. Заблукаць жа сярод гэтых высачэзных дрэваў было як нагу ў бот уставіць. Таму я пусціў свайго каня галопам, каб як найхутчэй выбрацца з гэтага змрочнага месца. Коні ўсё ж добра чуюць прывідаў ды ведзьмаў, і маім абавязкам было
33
Вельдскуны (veldskoens) – моцны скураны ці замшавы абутак (афр.).