Усё ўлічана. All inclusive. Сяргей Календа
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Усё ўлічана. All inclusive - Сяргей Календа страница 11
Антошка трахаў амаль усіх прыстойных жанчын, калі ў вольныя ад абавязкаў у спа-цэнтры часы працаваў прыватна на даму. Ягоны каханак Артур не зайздросьціць Антону, яны разам жывуць ужо восем год, і, каб ня гэтыя, як ён лічыў, дзіцячыя гульні Антошкі, жахам было б толькі, калі б той здрадзіў яму з мужчынам.
Артур – каханьне ўсяго жыцьця Антона. Яны пазнаёміліся выпадкова, калі Артур прынёс выкананую замову – чаравікі са скуры кракадзіла для адной зь беларускіх сьпявачак… Антон тады разьмінаўся перад падтанцоўкай. Яны амаль адразу закахаліся адзін у аднаго і ў той жа вечар пераспалі… Праз тыдзень Артур перавёз усе свае рэчы да Антона. Усё ў іх лёгка й проста, як мае быць. Але розьніца ў тым, што Артур – гей, і таму да Антонавых кліентак ставіцца абыякава, але Антошка – бісэксуал, і да сваіх кліентак ставіцца крыху па-іншаму.
Артур – вельмі пасьпяховы майстра. Абутак, які ён робіць на замову, карыстаецца папулярнасьцю за дызайн, якасьць і ручную працу… Сам ён мужны, крыху азызлы і ня надта каб прыгожы, але па-вар’яцку цікавы, асабліва калі глядзіць на вас сваімі вачыма з-пад ілба – у жанчын адразу падскоквае ціск, а мужчыны часта бянтэжацца, бо ня ведаюць, як сябе паводзіць перад такім позіркам. Калі Антошку жанчыны любяць самі проста так, інтуітыўна й, так бы мовіць, па закліку полу, то Артура кахаюць за мужнасьць і незвычайную аўру, за ягоны мужчынскі пах, за адчай, за позірк, за джэнтльмэнскасьць, але той, у сваю чаргу, ужо восем год жыве з адным Антонам і за гэты час толькі выпадкова, п’яны, пацалаваўся з хлопцам у гей-клюбе і лічыць гэта здрадаю.
Цыганка
Чорныя вочы, чорныя бровы, цёмная скура, тоўстыя вусны, пазногці, даўжэйшыя за кіпцюры драпежніка, звычайна з “фрэнч”-пакрыцьцём. У яе вялікі мажны азадак, тонкая талія й начасаныя выбеленыя пэргідрытам доўгія валасы, якія штодня яна гадзінамі ўкладвае з фэнам на брашынг… Цыганка стала дырэктаркай спа-цэнтру выпадкова, яна ўсё жыцьцё толькі й шукала выхаду да прыватнага бізнэсу. І так сталася, што яе кліенткаю, якую яна стрыгла, аказалася адна жанчына з канцэнтраваным пахам поту. Гэтая потная жанчына атрымала вельмі буйную пасаду ў парлямэнце краіны, памяняўшы фартух паварыхі на чамадан чыноўніка, і цыганка Раміна Гайдараўна атрымала ўласны салён, фітнэс, басэйн і масажню, але ненадоўга, хапіла аднаго году.
Гатэль, як толькі адчыніўся пасьля “рэканструкцыі” (раней на ягоным месцы быў таксама гатэль, гістарычная каштоўнасьць, але адной ноччу за будаўнічым плотам усё раптоўна зьнікла й “рэканструявалася” ў новы гатэль), пасьпяхова здаваўся ў арэнду, так зьявіліся прыватнае казыно, рэстарацыя й начны клюб, цыганка выкупіла сабе на год салён з зонаю спа й апантана кінулася ў бойку зь цяпер ужо ўласным пэрсаналам. Яна пачала кіраваць, валадарыць і зрабілася сапраўдным дыктатарам.
Калі