Калі цвіла чаромха (зборнік). Коллектив авторов
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Калі цвіла чаромха (зборнік) - Коллектив авторов страница 20
Зусім побач пачуўся раптам чыйсьці абураны ўскрык, потым да майго слыху данёсся хлёсткі гук удару… і той з тройцы, які ўжо наваліўся на мяне, пускаючы ад прадчування будучай асалоды сліну, раптам кульнуўся кудысьці ўбок з перакошанай ад болю фізіяноміяй. І, адначасова, я адчула сябе вольнай… і самай першай справай пачала нацягваць на сябе джынсы. Вось так, лежучы на спіне… І толькі потым прыўзняла галаву і агледзелася па баках…
А непадалёку ад мяне ў поўным маўчанні біліся чатыры чалавекі. Дакладней, тры і адзін.
І, вядома ж, гэтаму аднаму прыходзілася несалодка…
Але я была ўжо на нагах, да таго ж, сярдзітая да немагчымасці…
Не, забіваць іх я па-ранейшаму не збіралася, але належным чынам пакараць… чаму б і не! І я з уяўнай асалодай паслала кожнаму з трох мярзотнікаў па адным кароценькім імпульсе.
А больш і не спатрэбілася!
Адразу ж забыўшыся і пра мяне, і пра нядаўняга свайго праціўніка, усе тры гэтыя пажадлівыя ідыёты прыняліся раз’юшана і ашалела лупасіць адзін аднаго па азызлых ад штодзённага п’янства фізіяноміях.
А іх нядаўні праціўнік (зусім малады яшчэ хлопец) моўчкі стаяў побач і са здзіўленнем на ўсё гэта пазіраў, нічога пакуль не разумеючы. Нават пра кроў, якая цякла з уласнага носа, забыўся… як і пра вока, якое ад трапнага ўдару кагосьці з трох пачынала ўжо заплываць…
Кроў яму я спыніла першым жа чынам, потым хуценька залячыла пашкоджанае вока і прывяла ў належны стан адзенне (звяла з джынсаў крывавыя плямы, адрамантавала падраныя месцы на тэнісцы і ўсё такое іншае). Потым, падышоўшы ўшчыльную, спынілася побач.
– Ну, усё, ідзем! – сказала я ласкава. – Хопіць за дурнямі назіраць! І, дарэчы, дзякуй за дапамогу!
– Няма за што! – машынальна адказаў хлопец і толькі пасля гэтага схамянуўся і паглядзеў на мяне дзіўным нейкім позіркам.
Штосьці бянтэжыла майго нечаканага выратавальніка… і я нават ведала, што канкрэтна збівала яго з панталыку…
Мае паводзіны…
Дзяўчына, толькі цудам пазбегнуўшая жорсткага групавога згвалтавання, павінна была паводзіць сябе крыху інакш. І нават не крыху, а зусім інакш!
Але мне ўжо надакучыла прыкідвацца!
– Пайшлі! – паўтарыла я і ўзяла яго за руку. – П’яных ідыётаў не бачыў, ці што?
А «п’яныя ідыёты» ўжо і на нагах стаяць не маглі. Качаліся па траве, кусаліся, драпаліся, мацярылі адзін аднаго сіплымі галасамі… але ўсё ніяк не маглі спыніцца…
Праўда, усяго гэтага мы ўжо не бачылі. Мы ішлі прэч, дакладней, гэта я ішла прэч і амаль сілком цягнула за сабой хлопца, які па-ранейшаму нічога не разумеў. І ўсё спрабаваў азірнуцца, кінуць, так сказаць, развітальны погляд на сваіх (дакладней, на нашых з ім) нядаўніх крыўдзіцеляў. А потым раптам спытаўся: