Леаніды не вернуцца да Зямлі. Уладзімір Караткевіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Леаніды не вернуцца да Зямлі - Уладзімір Караткевіч страница 10
«Што ж, нічога не здарыцца дрэннага. Адна ноч. I раніцай яна сустрэне мужа. Ім дадуць спатканне, – думаў ён. – За што ж я злуюся на Леановіча, які шчыра выконвае загад?.. За тое, што ён свіння. Чаму?.. Ага, проста нельга адбіраць у гэтай жанчыны тых некалькі лішніх гадзін, што яна будзе з мужам перад тым, як… навекі, назаўсёды, хоць ён і будзе жывы».
Мокры ліст вяргіні зноў з ліслівай абыякавасцю пагладзіў яму шчаку.
«Але чаму «навекі»? Чаму «назаўсёды»? – думаў Юрый. – Ён пасядзіць год пяць, а потым, вядома, будзе амністыя… Цар міласэрны… Дрэнны чалавек не адпусціў бы на волю прыгонных… I ўсё ж гэта жахліва… Нават пяць год. У жанчын такая мімалётная прыгажосць! Што будзе з яе вачыма, з гэтай гордай шыяй, з гэтымі валасамі праз пяць год? Шкада жанчын, шкада іх дзіцячай безабароннасці… Толькі яе… А Леановіч робіць так, як трэба. Ён добры салдат, Леановіч, а я дрэнны… дрэнны».
I ўсё ж Гораў адчуваў, што ён ніколі не даруе сабе гэтай ночы, гэтых разважанняў за рагом хаты. Ён са злосцю адкінуў рукою мокрае сцябло вяргіні і ступіў у пляму святла, што падала з акна хаты на гразь.
Было дваццаць хвілін на трэцюю.
Ля плота, непадалёк, стаяў Іван, трымаючы нешта за пазухай.
Гораў глыбока ўздыхнуў – нясцерпна было вось так, аднаму, стаяць у цемры – і падышоў да яго. Салдат трымаў за пазухай адну руку. На яго цёмным твары блішчалі вочы пад кашлатымі бровамі.
– Што гэта ў цябе?
– А галчаняткі… бедныя. Познія, – сіпатым голасам сказаў Іван. – Гняздо раскатала. Жорсткая штука ўраган, барын. Дзе хавацца? На якой зямлі?
Настала паўза. Іван глядзеў за пазуху.
– Ты адкуль, Iван? – цiха спытаў Гораў.
– Маскоўскі.
– Землякі,– з нечаканай для сябе пяшчотай сказаў Юрый.
Зноў запанавала маўчанне. Толькі шапацеў па дзядоўніку дождж.
– О-ох, – сказаў сіпаты голас Івана. – Цяпер на Пятніцкай вуліцы катрынка грае, служанкі ля пад’ездаў семкі лузгаюць… Іван Вялікі непадалёк гарыць, аж вачам балюча.
Абодва не думалі, што ў Маскве цяпер таксама ноч. Вачам афіцэра і салдата яна здавалася сонечнай, зіхатлівай і асветленай цеплынёю вечнага жнівеньскага дня.
– Людзі з царквы ідуць, – казаў Іван. – «Вуглёў гарачых!» здалёк даносіцца.
– На развале кнігамі гандлююць, – летуценна сказаў Гораў.
– Угм, – няўпэўнена і адразу неяк адчужана сказаў Іван.
I Гораў таксама адчуў гэта. Ён стаяў, пакутліва думаючы, што яму штосьці трэба ад гэтага салдата, што яму трэба штосьці вырашыць.
– Галчаняткi вы… дурныя. Бач, вачыма лыпаюць.
I раптам Гораў, амаль нечакана для сябе, сказаў:
– Iван, як пераправiцца цераз раку?
Іван спадылба глянуў на афіцэра, павагаўся, а потым цалкам натуральна адказаў:
– Яно можна.
– Ты не думай, – заспяшаўся Гораў.– Я загадваю, я сам з табою і паеду…
– Вядома,