Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы. Алесь Карлюкевiч

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы - Алесь Карлюкевiч страница 30

Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы - Алесь Карлюкевiч

Скачать книгу

Мясцовыя, блізкія, родныя прыклады служэння Айчыне і развіццю грамадства – хіба ж гэта не ўражлівы вопыт для руху наперад?

      Лынтупы і ваколіцы

      Старажытнае мястэчка Лынтупы, што за 42 кіламетры на захад ад Паставаў, мае сваю сапраўдную энцыклапедыю. Такой мне ўяўляецца кніжка мясцовага настаўніка Іосіфа Быхаўца. Выдадзеная на пачатку 1990-х, яна мне першай і адкрыла ўнікальнае паселішча. Аўтар дасведчана, з веданнем справы расказаў пра далёкае тады для мяне і, лічы, зусім невядомае мястэчка… Атрымліваецца, што не абавязкова быць вучоным з высокімі ступенямі, галоўнае – ведаць і любіць край. А яшчэ, каб стаць такога кшталту энцыклапедыстам, усяго толькі і трэба, што пражыць у адной мясціне ўсё жыццё.

      Лынтупы. Палац

      А з цягам часу і сустрэчы былі з Лынтупамі, і вандроўкі я здзяйсняў па іх ваколіцах. І пэўныя памяткі пра ўраджэнцаў гэтай старонкі назбірваліся.

      Калі яшчэ ў Лынтупах жыло мо ўсяго толькі сотні дзве насельнікаў, а мястэчка належала гаспадарам Бішэўскім, сюды зазірнуў скульптар Вінцэнты Балзукевіч. Нарадзіўся ён у Вяркяй – прадмесці Вільні, у 1835 годзе. Пражыў доўгае жыццё, захапляўся разьбой па дрэве, драўлянай скульптурай. Самавукам асвоіўшы няпростае майстэрства, дасягнуў значных вышыняў у скульптуры. Працаваў і ў Беларусі, і ў Літве. Для Лынтупскага касцёла (не блытайце з сучасным Андрэеўскім, што цяпер стаіць на Цэнтральнай плошчы: яму ўсяго толькі каля ста гадоў) вырабіў Распяцце Хрыстова. Хто ведае, можа, твор гэты – роўня працам Канёнкава, ці Эрзя, ці мо нават Радэна… Марыю Магдалену Вінцэнты стварыў для касцёла ў Каўнасе. Анёла Ахоўніка і Святога Юрыя – для касцёла Святога Яна ў Вільні… Вялікіх вышынь у мастацтве дасягнулі дзеці Вінцэнта – скульптар Баляслаў, мастакі Юзаф і Люцыя… Дарэчы, палац Бішэўскіх перабудоўваў Тадэвуш Раствароўскі, легендарны польскі і расійскі архітэктар і мастак другой паловы ХІХ стагоддзя (нарадзіўся ў Польшчы ў 1860 годзе). І хто ведае, мажліва, шмат якія сюжэты для сваіх будучых карцін ён вывез у іншы свет менавіта з лынтупскіх ваколіц.

      Нагуляўшыся ўволю ў парку старой сядзібы, прысядзьце на беразе рачулкі Лынтупкі. Думаю, лынтупскія таямніцы яшчэ знойдуць адлюстраванне на старонках кніг. Дарэчы, нядаўна я атрымаў ліст з Самары. Піша Сяргей Іосіфавіч Мацвейчук, нараджэннем – лынтупскі. Закончыў у 1976-м восем класаў мясцовай школы, пасля – сувораўскае вучылішча ў Мінску, ваеннае вучылішча. Звязаў свой лёс з армейскай службай. Поруч з выкананем сваіх абавязкаў намесніка камандзіра роты па палітычнай частцы захапіўся журналістыкай. І з 1986 года – ужо на прафесійнай карэспандэнцкай рабоце. А цяпер піша і літаратурна-мастацкія творы. Выдае кнігі. Пабачылі свет дзве аповесці пад агульнай назвай “Гас- падары і госці”. І што цікава: увесь час, хаця і жыве далёка ад Айчыны, памятае Сяргей Мацвейчук свае родныя мясціны. І ў лісце да мяне дзеліцца развагамі пра самыя фантастычныя сюжэты з гісторыі лынтупскай сядзібы.

Скачать книгу