Навелы. Андрэ Маруа
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Навелы - Андрэ Маруа страница 12
Я прытулілася да яго каленяў; у гэты момант я належала яму… душой і целам… Так, душой і целам, бо галоўнае – гэта гатоўнасць.
– Што рабіць? – паўтарыў ён. – Кіраваць сабой. Дапускаць, каб вас несла цячэнне? Вы ж умееце плаваць. Я хачу сказаць: у вас ёсць энергія і аўтарытэт… Ну так!.. І, між іншым, няма патрэбы заўсёды змагацца, каб адолець свой лёс. На працягу чалавечага жыцця бывае толькі некалькі момантаў, калі ўсё вырашаецца, і надоўга. У гэтыя моманты якраз і трэба праявіць мужнасць, сказаўшы – так альбо не.
– І вы лічыце, што ў мяне цяпер такі момант, калі трэба праявіць мужнасць і сказаць – не?
Ён далікатна дакрануўся да маіх валасоў, потым адвёў руку і задумаўся.
– Вы задалі мне вельмі цяжкае пытанне, – прамовіў ён нарэшце. – Якое ў мяне права, у чалавека, які ўпершыню вас сустрэў, пра вас нічога не ведае, ні пра вашу сям'ю, ні пра вашага будучага мужа, якое ў мяне права даваць вам парады? Я магу груба памыліцца… Вырашаць павінны вы, а не я. Вы адна ведаеце, чаго можна чакаць ад гэтага шлюбу, у вас у адной ёсць факты, каб прадбачыць далейшае… А што магу я? Я магу толькі накіраваць вашу ўвагу на тое, што, на маю думку, і, спадзяюся, на вашу, з'яўляецца самым важным, і запытацца ў вас: «А вы ўпэўнены, што гэта не пашкодзіць вашым лепшым задаткам?»
Тут і я задумалася.
– На жаль – не… Няма ў мяне пэўнасці. Лепшае, што ў мяне ёсць, гэта надзея, гатоўнасць прынесці сябе ў ахвяру… У дзяцінстве я марыла быць святой альбо гераіняй… А цяпер маё жаданне – прысвяціць сябе чалавеку незвычайнаму і, у меру сіл маіх, памагаць яму ў яго справе, у яго высокім прызванні… Вось так… Я вам прызналася ў тым, пра што нікому яшчэ не гаварыла… Чаму вам? Гэта і для мяне загадка. Ёсць у вас нешта такое, што патрабуе шчырасці і абуджае давер'е.
– Гэтае нешта – адмаўленне, – растлумачыў ён. – Той, хто для сябе не дамагаецца таго, што людзі называюць «шчасцем», магчыма, здольны палюбіць другіх па-сапраўднаму і праз гэта знайсці іншую форму шчасця.
І тады, учынак смелы і крыху шалёны, я схапіла яго за рукі і сказала:
– А чаму б вам, Пітэр Дэн, не ўзяць сваёй часціны сапраўднага шчасця? Я ж таксама вас амаль не ведаю, аднак, мне здаецца, вы іменна той чалавек, якога я ўвесь час падсвядома шукала.
– Гэта – ілюзія… У рэальнасці я зусім не такі, я вы сабе ўяўляеце. Ніводнай жанчыне я не буду ні мужам, ні каханкам. Я жыву занадта ў сабе. Я не вытрымаю, каб з раніцы да вечара, з вечара да раніцы пры мне знаходзілася жанчына, якая кожную хвіліну патрабуе ад мяне ўвагі і мае на гэта права.
– Увага была б узаемнай.
– Безумоўна, але мне яна не патрэбна.
– Вы адчуваеце, што ў вас хопіць сілы, каб змагацца.
– Больш дакладна, я адчуваю, што ў мяне хопіць сілы, каб змагацца ў жыцці разам з усімі людзьмі добрай волі… працаваць разам з імі, каб зрабіць свет больш мірным і шчаслівейшым… ці хоць паспрабаваць зрабіць яго такім.
– Можа, было б не так гэта цяжка, каб вам памагала сяброўка. Вядома, яна павінна верыць