Сад Замкнёных Гор (зборнік). Серж Мінскевіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сад Замкнёных Гор (зборнік) - Серж Мінскевіч страница 3
ІІІ
Калідор. Прастакутная кішка!
І людзі, жыхары яе, – душы ў іх вузкія, сьлізкія і роўныя, быццам плоскія глісты.
Бэтонная шэрань на скуры, такі ж самы бэтоннанепрабівальны выраз твару. І размаўлялі, здавалася, не з дапамогай зьвязак, а схаванай у горле жалезнай арматурай.
Ж-жжжж-вібра-цыя!
Нарэшце я зь сельскай мясцовасьці трапіў у горад.
Перад адкрытай Брамай мяне з ног да галавы асьвятліў аранжавы прамень.
– Небясьпечных захворваньняў няма, грошай няма, можа працаваць, – пачулася дзесьці ў сьцяне.
Потым пачуўся працяжны позех.
Я бесьперашкодна прайшоў у горад. Места было тыповае, якраз такое, пра якое я чуў: чатыры тунэлі па прастакутным пэрымэтры, два асобныя, шырэйшыя, – пэрпэндыкулярна перакрыжоўваліся ў прасторным квадратным памяшканьні – гэта была галоўная кірмашовая плошча.
Мае ўласныя біярытмы патрабавалі сну. А страўнік ежы.
Я падышоў да лаўкі.
Лысы дзядок з даўно няголенымі шчокамі і вузкім хітрым позіркам гандляваў землянымі арэхамі, якія вырошчвалі ў выбоінах бэтону ці ў плястыкавых нішах.
– Можаце прадаць жменю?
– Тры рутобы.
– Што?
– Грошы.
Я ведаў, што ў гарадах ежу даюць за нейкія круглякі, але ніколі ня бачыў іх. Там, дзе я жыў, усё было агульным, а гандлявалі толькі за гадзіны працы.
– Праца.
Па маёй гаворцы, якая вымовай адрозьнівалася ад іхнай, ён зразумеў, адкуль я.
– Добра, – сказаў ён. – Праца. Пойдзеш на той край плошчы, убачыш чорную бабу, якая таксама гандлюе арэхамі. Перакулі яе кашы… патапчы. Я табе дам жменю.
– Вы несяце адказнасьць за тое, што я зраблю.
– Так, так, вядома… – ён нахіліўся да мяне і зашаптаў: – Яна вядзьмарка. Яе арэхі замоўленыя. У людзей ад іх пухнуць жываты. Але ўсё роўна купляюць у яе!
Я пабег, куды паказваў дзядок, хутка адшукаў старую гандлярку, не зважаючы на лямант, раскідаў яе тавар, патаптаў, пайшоў за платай. Але празь дзесяць крокаў капронавае ласо здушыла мне горла.
– Гэта ён! – вішчала чорная баба.
Два бамбізы ў карычневых каптурах зьвязалі мяне і прывалаклі ў прастакутны пакой.
Там на алюміневым, абцягнутым матэрыяй крэсьле сядзеў худы, як бамбук, дзядзька і паліў сьмярдзючую люльку.
– Што здарылася? – спытаў ён, з асалодай наліваючыся пачуцьцём улады.
– А-ааа! Паночку! Ратуй! Дапамажы! А-аа! Гэты мярзотнік усе мае арэхі, усю маю бульбу, гуркі, мой тавар сапсаваў…
– Яна мела толькі арэхі… І гэта ня я рабіў. Я прадаў сваю працу, – з гонарам сказаў я.
– Ты зь нізу?
– Так.
– Як клічуць?