Забойца анёла (зборнік). Вінцэсь Мудроў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Забойца анёла (зборнік) - Вінцэсь Мудроў страница 14
– Нінэль Іванаўна, можна крыху цішэй? – Выцершы насоўкай упацелы лоб, Міхал Карпавіч ідзе да нас, падхоплівае крыж, цягне да бліжэйшых кустоў. – Адзін прыперлі ці некалькі?
– Адзін! – выдыхаем мы з Мішкам і разам паглядаем спадылба на русічку. Тая таксама злёгку ўпацелая, і ў валасы ўбіўся кавалак шэрай ваты. Няйначай, кулялася на ліхенькіх школьных матах.
– Так… заўтра а восьмай гадзіне чакаю вас ля дырэктарскага кабінета, – русічка змахвае вату з валасоў.
– Ды хлопцы металалом збіраюць. Ну, крыху перастараліся. Ці варта шум уздымаць?..
– Міхал Карпавіч… я вас папрашу, – перарывае калегу русічка, а Мішка Зыль, шморгнуўшы носам, заўважае: – Мы ў другую змену вучымся.
– Паўтараю: а восьмай гадзіне прыйсці да дырэктара! Русічка рашуча паварочваецца, цокае па асфальце туфлямі-лодачкамі. Міхал Карпавіч яшчэ імгненне стаіць нерухома, а потым, пацёршы няголеную шчаку, нясмелым крокам рушыць следам.
Наступнай раніцы мы стаім з Мішкам насупраць дырэктарскага кабінета: глядзім на падлогу, стоена ўздыхаем.
– Што, салагі, дастукаліся? – гукаюць хлопцы-старшакласнікі, якія гаманкой чарадой праходзяць міма.
А восьмай гадзіне гучыць званок, і няўцямны гул ды лямант, якімі поўняцца калідоры, паволі аціхаюць. Дзесьці на доле яшчэ тупаюць, голасна смяюцца, потым бразгаюць дзвярыма, і ўсё змаўкае.
Я апускаюся на калені, прыпадаю вухам да замочнай шчыліны. Чутны толькі асобныя фразы.
– Наталля Леанідаўна, я сапраўды заклікала збіраць металалом. Але ж пры гэтым не заклікала выкарчоўваць крыжы з магілаў, – сакоча Чыпаліна.
На лесвіцы чуюцца нечыя крокі, і мы адскокваем ад дзвярэй. Па калідоры, спінай да нас, тупае школьная прыбіральшчыца з вядром і швабрай у руках, і я ізноў прыпадаю да шчыліны.
Гэтым разам прамаўляе дырэктарка:
– Думаю, у гэтым ёсць і наша віна. Бо мы, педагогі, не прышчапілі вучням… – чаго там нам не прышчапілі, я не дачуўся: Мішка адцягнуў мяне ад дзвярной шчыліны і сам прыхінуўся да яе скронню.
– Ну, што там? – шапчу я. Сябар, прыклаўшы палец да вуснаў, утрапёна лыпае вачыма.
– Дырэктарка кажа – трэба крыж некуды вывезці. І арганізаваць суботнік на могілках, – шапоча нарэшце сябрук і адскоквае ад дзвярэй.
Адскочыў Мішка своечасова, бо ў той жа міг дзверы адчыніліся і ў пройме паўстала дырэктарка школы Наталля Леанідаўна.
– Зыль і Каролік? Пяты «А»? Мы ківаем галовамі.
– Які ў вас зараз урок?
– У другую змену вучымся, – адказвае Мішка. Дырэктарка дакорліва ківае галавой, і я не магу ўцяміць: у чым яна нас дакарае. У тым, што мы прыцягнулі крыж з могілак ці таму, што вучымся ў другую змену.
– Добра, – з уздыхам прамаўляе дырэктарка. –