Забойца анёла (зборнік). Вінцэсь Мудроў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Забойца анёла (зборнік) - Вінцэсь Мудроў страница 7
Ля дзвярэй, на бабінцы, чынілася штосьці незразумелае. Там брахалі і якаталі сабакі, сіпла лаяліся мужчыны, крычалі жанкі, і ўвесь гэты гармідар пакрываў немы лямант знадворку:
– А людцы мае добрыя, а што ж гэта робіцца-а?! – Гэта лямантавала старая Вазнячыха.
Ля ўвахода заскавытаў сабака, хор на імгненне аціх, і айцец Антоні, зірнуўшы ў бок кліраса, сурова і ўладна заспяваў:
«Прииде Тобою в мир Господь…»
І хор, ужо без ранейшай жарсці, падхапіў велікодную песню.
Пасля ютрані айцец Антоні доўга сядзеў, знясілены, не даючы рады скінуць святочнай рызы. Адзінае, што ён здолеў зрабіць, гэта расчасаць свае пасівелыя валасы – матухна называла іх «пэцаламі» – ды зняць з грудзіны цяжкі срэбны крыж. У галаве, як ні дзіўна, не было ніякіх думак. Галава злёгку кружылася ад бяссоння, і было ўражанне, што цела пазбылася цяжару і пасмай ладаннага дыму паплыло ў паветры. Праз паўгадзіны фанерныя, дзеля выгляду навешаныя дзверы адчыніліся і ў пакой зазірнула матухна Пелагея.
– Ну што ты, далібог. Госці сабраліся, а цябе няма…
– Іду, – выдыхнуў айцец Антоні, але так і застаўся сядзець у нерухомасці, неадрыўна пазіраючы на завіток жаўтлявых габлюшак.
– Тузіку лапу перабілі… – матухна глянула на двор і, адказваючы на нечае вітанне, хуткагаворкай прамовіла: – Сапраўды ўваскрэс!
Айцец Антоні падняўся з крэсла:
– Хто перабіў?
– Сусед… Патрыкееў. Cтаяў ля царквы, падпіты… ну і шпурнуў палена.
– Прасілі ж цябе… – плаксіва выдыхнуў айцец Антоні, і матухна незадаволена адказала:
– Загнала… і дзверы зачыніла… Дык вылезлі ж…
…Ля дзвярэй айца Антонія пераняў Кузік. Віскнуўшы, ён ліслівым катом падбіўся пад ногі і ціха брахнуў.
– Што, насваволілі? Цяпер лашчышся?
Айцец Антоні нахіліўся, каб патрэсці Кузіка за гагавіцу, але нечакана выпрастаўся і пасуровеў з твару. Ад кучы цэглы, скачучы, як спутаны конь, шкандыбаў Тузік. Задняя лапа ягоная была перабітая ў суставе і бездапаможна матлялася ў паветры.
– Што ж ты, братка… – са шкадобай у голасе выдыхнуў святар, прысеўшы над кудлатым гаротнікам, – бег мяне ратаваць? Эхэ-хэ-э…
Тузік глядзеў на гаспадара вільготнымі чорнымі вачыма, якія раптам затуманіліся і сталі падобныя на маціцовыя гузікі.
– У такі дзень… – прашаптаў святар, і твар ягоны злёгку прасвятлеў: на другім канцы вуліцы, гудучы на пад’ёме, азваўся міліцэйскі «жыгуль».
…Кузік хацеў адчыніць непадатныя весніцы, але сіл не хапіла, і ён, стаўшы на лапы, прыслухаўся. Да вушэй далятаў толькі голас даішніка.
– Ну што вы, які ветэрынар, калі ў суставе перабітая…
– Вы не хвалюйцеся. Шпокну ў вуха – ён нічога