Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча. Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская страница 3
Пан Вырвіч і сам папісваў вершы… Часцей, праўда, яны сканчалі свой век, як іспанскія ерэтыкі: у ачышчальным агні. І прысвячаць іх па праўдзе не было каму.
Ластаўкі крэслілі на небе складаныя руны, па якіх можна было гадаць на жыццё і смерць, але насамрэч канец яны прадвяшчалі толькі машкаце. Драгун сумна пасміхнуўся. Ці не памыліўся ён, абраўшы вайсковую кар’еру? А якім гонарам напаўнялі калісьці словы з працы пана Шымона Старавольскага, напісанай больш за сто год таму: "Ніколі захопніцкіх войнаў з суседнімі народамі не вядзём, калі толькі іх сілай спачатку нас не справакуюць, і то толькі, каб адпомсціць за крыўды і вярнуць захопленыя землі, а не для заняцця іх уладанняў і панавання над імі. Таму наша войска больш да абароны айчыны прыстасаванае, чым для здабывання гарадоў іншаземных… Таму таксама войска наша ў большасці складаецца з конніцы, амаль выключна са шляхты, і служыць для бітвы ў адкрытым полі, каб, ідучы наперад, супрацьстаяць непрыяцелю раней, чым ён прыйдзе да нашае граніцы".
Пранціш заўзіраўся ў сіняе-сіняе неба айчыны, па якім плылі белыя фрэгаты аблокаў насустрач невядомай прышласці, і мімаволі ўсміхнуўся: усё яшчэ наперадзе! Авантуры не сканчаюцца!
Прадчуванне не падманула: назаўтра Вырвіча раскатурхаў ягоны дзяншчык:
– Пан падхаружы! Вас пан паручнік кліча!
На шчасце, з панам паручнікам, старым служакаю, Вырвіч разумеўся добра, і часам той строгасцю сваёю ды любоў’ю да антычных філосафаў нагадваў Баўтрамея Лёдніка. На гэты раз пан паручнік Малішэўскі быў змрочны, як зімовы вечар.
– Маю для цябе даручэнне, пан Вырвіч. Неадкладна выпраўляйся ў Вільню з вельмі важным лістом. Ne differas in crastinum. (Не адкладай назаўтра – лац.)
Сэрца Пранціша радасна забілася: у Вільню! Лічы – дахаты… Туды, дзе непадалёк ад Вострай Брамы стаіць дом з зялёнымі аканіцамі, у якім жыве сям’я Лёднікаў, самых блізкіх яму, хаця й не крэўных, людзей, і дзе заўсёды рады пану Вырвічу гербу Гіпацэнтаўр… А як пані Лёднік рыхтуе рубцы з анісам!
Але тут жа варухнулася і падазрэнне: чаго гэта з лістом пасылаюць не веставога, не ад’ютанта, а падхаружага, у якога шэсць шараговых драгунаў у падначаленні і дзяншчык? Ці няма тут крыўды? Пан Малішэўскі хмыкнуў у вусы:
– Не крывіся, пан Вырвіч, не дзьміся. Пасылаю цябе таму, што ты гэтым ранкам адзіны цвярозы з усяе харугвы, па-другое, даручэнне маё таемнае, ліст магу даверыць толькі чалавеку выпрабаванаму, і ніяк не слузе… А па-трэцяе, не крыўдуй, вашамосць, але… – пан Малішэўскі трохі прамарудзіў. – Лепей табе адсюль з’ехаць.
Вырвіч напяўся:
– Чаму?
Пан паручнік круціў у руцэ