Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча. Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская страница 4
Пан паручнік уздыхнуў, адставіў кубак і палез у шуфляду сакрэтніка.
– Вось пану сто злотых на дарожныя спажыткі, вось ліст… І не спяшайся вяртацца, пан Вырвіч. Пагасцюй у Вільні. Магчыма, цябе аб нечым папросіць той, каму ліст завязеш. Калі спатрэбішся, я прышлю па цябе сам.
Вырвіч ледзь стрымліваў гнеў і крыўду. Фактычна, яму ветліва паведамлялі, што могуць адправіць у адстаўку. Але – на каго крыўдаваць? Пан Малішэўскі да яго па-добраму, ратуе ад непрыемнасцяў. Сябе самога трэба вінаваціць. Упадабаў расцвельваць невукаў псеўдафіласофскімі гутаркамі… Самому весела, а дурні ўсё ўсур’ёз прымаюць. І кот з вусамі, а ганяецца за мышамі.
Пранціш ганарыста выпрастаўся, усміхнуўся зухавата.
– Няхай пан паручнік не сумняецца, выканаю як найлепей! А каму перадаць ліст?
– Ягонай мосці, пану суддзі Міхалу Юдыцкаму, асабіста ў рукі.
Пан паручнік пасля нейкі час гадаў, ці яму падалося, ці ягоны падначалены, бясстрашны пан Вырвіч сапраўды збялеў і разгубіўся, калі пачуў адказ на зусім простае пытанне? Але на вуліцы завішчэла нейкая дзеўка, зараўлі п’яныя галасы… І чарадзейны падхаружы вылецеў у пана Малішэўскага з галавы, як злятаюць воляю першага ж ветрыка пухнатыя парушынкі з лысай галавы дзьмухаўца.
Раздзел першы. Даклад прафесара Лёдніка
Зала Віленскай акадэміі была напоўненая вучонымі людзямі, бы куфэрак ліхвяра – чужымі манетамі. Здавалася, ад назапашанай тут мудрасці багавейліва трымціць нават паветра. Праўда, чамусьці да багавейлівасці адчуваўся ладны дамешак зусім іншага пачуцця. Праз высокія вокны шчодра прасявалася святло сонца, не ў змозе пазалаціць строгую вопратку, драўляныя лаўкі ды насцярожаныя позіркі.
– Такім чынам, той шлях, які пазначыў Вязалій, аддаючы перавагу досведу і практычнаму спазнанню анатоміі, аказаўся куды больш плённым, чым шлях Галена, які вывучаў анатомію чалавека на трупах жывёлаў, што не ёсць ідэнтычным.
Голас дакладчыка, высокага фанабэрыстага пана ў чорнай прафесарскай мантыі і акуратным белым парыку, з драпежным носам, цёмнымі пранізлівымі вачыма і пагардлівымі вуснамі, гучаў упэўнена, як у пераможнага вайскаводцы. Хаця слухачы – шмат хто ў чорных сутанах – пазіралі на пана за кафедрай хто з жахам, хто з гневам, хто са шчырым здзіўленнем, як на жаўнера, які адзін бяжыць супраць цэлай арміі, узброены нават не вогненным мячом, а звычайнай шабелькай. Ад некаторых імёнаў, якія называліся, прысутных ажно перасмыкала. Той-сёй дык і жагнаўся. Дакладчык жа захоўваў непарушны спакой. Не звярнуў аніякае ўвагі, і калі цяжкія дубовыя дзверы прыадчыніліся, і ў залу асцярожна ўвайшоў малады драгун, чый русявы чуб зухавата выбіваўся з-пад шапкі, пры левым баку пагрозна паблісквала шабля, а чырвоныя боты нахабна рыпелі і цокалі па каменнай падлозе падкоўкамі. Іншыя вучоныя