Авантуры студыёзуса Вырвіча. Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская страница 11
– Тры лекцыі! У мяне заўтра тры лекцыі! І кан… кан… суль…тацыя п-пячонкі!
– Да кульгавай свінні твае лекцыі, Бутрым! І пячонка таксама…
Дзесьці далёка пачуліся стрэлы і п’яныя выкрыкі.
– Вечная памяць слаўнаму гетману!
Мудрая пані Саламея не сказала ні слова. Перадаверыўшы Пранціша клопатам не дужа задаволенага такім гонарам Хвэлькі, павалакла мужа ў спачывальню. Адвараў дзеля такога выпадку было ўжо наварана два збаны.
Раніца была цяжкой. Прыблізна як гарматнае ядро. Прынамсі, калі б над вухам Пранціша стрэліла гармата, гуду ў вушах не магло быць болей.
– На, пі…
Нечая рука паднесла да вуснаў студыёзуса жалезны кубак з гарачым вохкім адварам. Пранціш нават вочы як след не разляпіў… Адвар патрапіў у горла, сухое, як пустыня, дзе сорак гадоў блукаў Майсей са сваім народам, і ажывіў гэтую бясплодную пустку… Вочы нарэшце расплюшчыліся… Ну так, перад студыёзусам узвышаўся прафесар Лёднік, суровы, як скала, з якой толькі Майсей і мог выбіць жазлом ваду… Нягледзячы на вогненных конікаў, што скакалі ў вачох, Пранціш хіхікнуў: сітуацыя да болю нагадвала раніцу трохгадовай даўніны, калі Вырвіч зухавата напіўся такайскага віна ў прыдарожнай карчме пад гучным назовам “Рым”, і толькі што набыты слуга – гэта самы доктар – падаваў яму падобны адвар з такім самым кіслым выразам твару…
– Лекцыі адмянілі…—прабурчэў Лёднік, якому, па логіцы, павінна было быць зараз, як снапу на таку пасля добрай апрацоўкі цапамі, і аніяк не да лекцый. – Жалоба па ўсім горадзе.
Пранціш з уздыхам палёгкі паваліўся назад на падушку і зараз жа застагнаў ад галаўнога болю. Памяць вярталася ўрыўкамі, адкручваючыся назад, як ланцуг на калодзежным вораце. Вось яны вяртаюцца дадому, абабіваючы куты ды абціраючы брукаванку, вось у палацы Радзівілаў уздымаецца кубак за кубкам у памяць памерлага вялікага гетмана, нехта гарлае: “Падліце яшчэ шаноўнаму пану Лёдніку!”. Вось на чырвоным твары спадчынніка, Караля Станіслава, ашклянела блішчаць вочы, і малады князь у сваім улюбёным белым жупане, успадчыненным ад продкаў і заплямленым намаганнямі тых продкаў ды самога Караля ва ўсе колеры, у чарговы раз валіцца пад стол, яго падхопліваюць шматлікія рукі прыліпалаў, адзін з іх крадма сцягвае з пальца сюзерэна сыкгнет… Вось Пранціш