Авантуры студыёзуса Вырвіча. Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская страница 15
– Вырвіч! Пра што я толькі што распавядаў?
Русявы студыёзус глядзеў сумленна-сумленна, аж хацелася яму адразу дыплом выдаць і каленам пад азадак накірунак з акадэміі надаць, бо дастане, падшыванец, усіх прафесароў да пячонкі, пакуль давучыцца.
Эх, сыйшоў аднойчы харобры шляхціц Пранцысь Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр са слаўнага шляху сармацкага рыцарства – заміж таго, каб галовы ворагам шастапёрам прабіваць, штудзіруе Платона ды Блажэннага Аўгустына, і вось вынік – трэба пасля лекцый, калі ўсе сумленныя студыёзусы расцякаюцца ўбакі ад Акадэміі, як воды Чэрмнага мора падчас бегства габрэяў з Ягіпту, валачыся ў сутарэнні да шкоднага пана Лёдніка. А між тым астрагалы – косткі для гульні – проста пякуць скрозь кішэню, так хочацца іх пусціць у справу… А цяпер, калі не ўратуе святы Франтасій, зноў давядзецца ўскрываць дыяфрагму чарговага трупа, здабытага ў турэмнай ці бальнічнай трупярні, ды пералічваць услых лацінскія назовы цягліцаў ды костак – Лёднік узяў сабе аднойчы ў галаву, што з цягам часу зможа зрабіць Вырвіча сваім пераемнікам і ў медычнай справе.
Не, як шкада, што ў Лёднікаў пакуль няма нашчадка! Баўтрамей, напэўна, замест бразготкі ў калыску пакладзе з аднаго боку мікраскоп, з другога – стэтаскоп, каб вывучаў спадчыннік прыродазнаўчыя навукі ад нараджэння.
Праўда, была адна прываба ў пакаранні – дзесьці там, сярод колбаў ды хірургічных прыстасаванняў, сядзела таямнічая Пандора, і можна, упрасіўшы прафесара альбо прычакаўшы момант, прымусіць яе ажыць…
Дзверы ў лабараторыю аказаліся расчыненымі, пасярод пакоя са скляпеністай столлю стаяў Бутрым, як верставы слуп. Васковая паненка знікла. Затое рэзрух – як пасля пераможнага паходу гунаў праз Рым. Шафы парасчыняныя, усё з паліцаў скінутае на падлогу. Колбы і прабіркі хрумсцяць пад нагамі, бы сухія косткі. Сталы і крэслы перавернутыя, паперы рассыпаныя па падлозе, быццам са столі ішоў папяровы дождж…
Той, хто гэта ўчыніў, нічога не шукаў – просто даваў знак: ведайце, вучоныя пацукі, сваё месца.
Пранціш раз’юшана вылаяўся.
– Пан Богуш, няйначай! Я выклічу яго на двубой!
– Супакойся, хлопец. Усё роўна нічога не дакажаш, – змрочна прагаварыў Лёднік. – Сам падумай – без дазволу рэктара хто б сюды прайшоў, такі вэрхал учыніў ды здаровую скрынку вынес? Я не гаварыў табе… – Лёднік трохі прамарудзіў. – Учора прафесар Папроцкі ўгаворваў мяне паказаць яму цікавую машыну, якую я вывучаю ў сваім кабінеце. Маўляў, ён у механіцы добра разбіраецца, аўтаматамі цікавіцца, пару студэнтаў кемных ёсць, могуць дапамагчы. А я адмовіўся, баюся, рэзкавата. І, магчыма, дарэмна.
Лёднік вінавата адвёў вочы.
– Ну, пашкадаваў я таямніцай дзяліцца. А каб паказаў – можа, не было б і гэтага нападу. Добра,