Авантуры студыёзуса Вырвіча. Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская страница 18
Пакояў аказалася нечакана шмат, лямпа ў руках прыслугі плыла па цёмным калідоры, як нечая светлая душа, якая са шкадобы вырашыла праводзіць неафіта праз падземнае царства. Адчувалася, што дом здымны – праз расчыненыя дзверы пакояў бачылася, што мэблі малавата, партрэтаў дык зусім няма, акрамя тоўстай фізіяноміі Аўгуста Саса ў залачанай рамцы. Але, падобна, цяперашнія гаспадары прывезлі з сабою тое-сёе для ўтульнасці – там стаялі шырмы кітайскага шоўку, тут пабліскваў на століку срэбны сервіз… Нарэшце расчыніліся апошнія дзверы, і перад гасцямі апынулася гаспадыня.
Вядома, да пані Саламеі ёй было далёка. Ніхто б не змог прыняць гэтую кабету за Сільфіду незямной гожасці – а Саламеі аднойчы давялося выконваць гэткую ролю. Але ж Саламея Лёднік, у дзявоцтве Рэніч, была адзінай і непаўторнай… Кабета, якая сустрэла начных гасцей, таксама па любых зямных мерках была гожай. Стройная пастава, ганарыстая пасадка галавы, вялікія светлыя вочы, нос тонкі, з гарбінкай, рот, можа, трохі велікаваты, з нервовай складкай, русявыя неслухмяныя валасы зачасаныя ў высокую прычоску, і асобныя лёгкія пасмачкі выбіваюцца, быццам лёгкі дымок. Светлыя вочы глядзелі на Лёдніка з незвычайным напружаннем, нібыта на далёкі ветразь доўгачаканага карабля: якога ён колеру, жалобы альбо надзеі?
– Прывітанне, Бутрым!
Лёднік зняў капялюш, адвесіў цырымонны паклон і пацалаваў руку кабеты.
– Мае шчырыя прывітанні яе мосьці пані Агалінскай… Давольце прадставіць – ягоная мосць пан Прантасій Вырвіч з Падняводдзя, мой высакародны сябар.
Пранціш адвесіў паклон не горшы, чым Лёднік і таксама прыклаўся да ручкі гаспадыні. Але тая глядзела толькі на доктара. Яны нібыта вялі бязмоўную размову пра нешта сумнае, горкая ўсмешка пакрывіла вусны доктара, а вочы пані блішчэлі ад непралітых слёзаў.
– Як я рада, што ў цябе ўсё добра, Бутрым, – ціха прагаварыла жанчына. – Ты заслужыў гэта.
– Усё ў волі Госпада, ён дае, ён і забірае паводле грахоў нашых, – нягучна адказаў доктар. – А як вы, пані?
– Паводле грахоў маіх, – сумна ўсміхнулася Агалінская. – На шчасце, муж у радзівілаўскім палацы, днюе і начуе… Ён бы не дазволіў цябе запрасіць. Старэйшы сын Андрусь, ты яго памятаеш, у Варшаўскім шляхецкім корпусе. І я адмыслова паехала ў Вільню… Дзеля Алесіка… Калі ты яму не дапаможаш, то хто?
Пані правяла Лёдніка за шырму, якой быў адгароджаны кут пакоя, паставіла на столік лямпу. У ложку спаў дзіцёнак гадоў трох. Худзенькі, чарнавалосы… Святло ад лямпы пабудзіла яго, і на гасцей зірнулі цёмныя вочы, бліскучыя ад ліхаманкі…
Агаломшаны Лёднік моўчкі глядзеў на дзіцёнка, потым перавёў позірк на пані, тая, пацвярджаючы ягоную здагадку, прыкрыла павекі, лёгка ўсміхнулася… Доктар палка пацалаваў яе руку і зноў утаропіўся на хлопчыка, як на нечуваны цуд, мімаволі ўсміхаючыся.