Авантуры студыёзуса Вырвіча. Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская страница 16
У пакоі панавала нязвычная трывожная ціша, якую парушаў толькі шоргат старонак. Нават Хвелька зашыўся ў сваім катуху і не насмельваўся паказацца гаспадарам, хаця звычайна ад ягонай балбатні выратоўваў толькі загад Лёдніка памаўчаць. Адзін Піфагор, дапушчаны ў пакой з прычыны дажджлівага надвор’я і дзівацтва гаспадароў, што нечувана песцілі свайго вартавога, віляў сабе рудым пухнатым хвастом, тыкаўся халодным носам у далоні, заглядаў у вочы ўмольна-запытальна: чаго прыціхлі, мудрыя людцы? Вас жа ніхто на ланцуг не навязвае? Вы ж можаце яшчэ кавалачак сала дзеля беднага сабачкі ахвяраваць? Падымаў настрой і палаючы камін – Лёднік настояў, каб у доме акрамя звычайнай печкі, аблямаванай мсціслаўскай зеленкаватай кафляй з анёльчыкамі, быў камін, жывы агонь, сузіранне якога спрыяе гармоніі стыхій у чалавеку.
Штопраўда, у каміне вельмі зручна паліць нязграбныя вершыкі, якімі Пранціш пачаў употай займацца, начытаўшыся Яна Вісліцкага ды куртуазных французскіх паэтаў. Кінуў скамечаную паперыну цішком у пашчу чырвонага цмока – і ўсё… Ніхто не абсмяе.
За вокнамі пачуўся грукат экіпажу, запрэжанага некалькімі коньмі. Піфагор рудым ценем шыбануў у сенцы і запоўніў іх звонкім брэхам. Экіпаж спыніўся перад домам Лёднікаў, фурман прыкрыкнуў на коняў, потым у браму застукалі.
– Ці дома пан доктар?
Зараз жа залапатаў нешта Хвэлька, які перастрэў гасцей, потым сунуўся ў пакой, папытацца гаспадароў, ці можна ўпусціць пасланца ад пацыента – багатага пацыента, як можна было меркаваць па пачцівых нотках у голасе Хвелькі.
Што ж, нечаканыя наведнікі – нават у такі позні час – у доме лекара не навіна. Колькі разоў Лёднік сярод ночы збіраў валізку і адпраўляўся ратаваць чыюсьці грэшную душу, не забыўшы памаліцца перад адыходам святому Панцеляймону-ацаляльніку, свайму старажытнаму калегу, якога ганьбілі за тое, што лячыў бясплатна і цану іншым дактарам збіваў. Піфагор сумленна адпрацоўваў свой сабачы доўг, зацята брэшучы на дзверы… А ў іх увайшоў каржакаваты дужы мужык гадоў за сорак, камечучы ў руках шапку з мярлушкі – па вопратцы слуга з багатага дому. Звычайны такі мужык, упарты, хітраваты, не надта гнуткага розуму, са светлымі невыразнымі вачыма, якія зараз глядзелі на Баўтрамея Лёдніка з насцярожанасцю і – неверагодна – нейкай насмешкай, так і мералі пана прафесара ва ўвесь немалы рост.
– Пан… Лёднік, я ад яе мосці пані Галены Агалінскай з найвялікшай просьбай.
Паклон