Нічые (зборнік). Андрэй Федарэнка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Нічые (зборнік) - Андрэй Федарэнка страница 18
І хоць вокліч гэты быў яшчэ новы, нязвыклы, хоць мала хто яшчэ ведаў, як трэба рэагаваць на яго, – але з’яднаныя папярэднімі словамі, знітаваныя Жаўрыдавым гіпнатызмам людзі патрапілі адказаць. Паляцелі ўгару шапкі, ускінуліся над галовамі тысячы кулакоў, вінтовак, карабінаў і стрэльбаў, з тысячы глотак ірванулася радасным:
– Жыве!!! – і нібы зліліся на гэты міг усе ў аднаго аграмаднага чалавека, з адным грамавым голасам, – чалавека, што паміма волі змог угадаць гэтае слова як адзіна правільнае.
VІІІ
Камандзіры скамандавалі: «Вольна, разыдзіся!», Жаўрыд склаў лісткі, павярнуўся ўжо, каб ісці ў штаб. Але ажыўленне на плошчы не ўнімалася, галасы не сціхалі, хоць сюды, на «штабны» ганак, ніхто не глядзеў, наадварот, у другі бок усе паварочвалі галовы і спяшаліся ў той канец плошчы, дзе царква.
Незадаволены, непрывычны, калі ўвага скіраваная не на яго, Жаўрыд збег з ганка: паглядзець, што там. Мірановіч таксама пайшоў за ім.
Вайскоўцы расступаліся, даючы начальству дарогу:
– Перабежчыкі! – паведамлялі загадзя, радасна. – Кітаец нават ёсць!..
– Перабежчыкаў прывяла разведка!..
– І камандзера нават у палон узялі!..
Пры самай царкве, з краю плошчы, акружаныя вайскоўцамі і мясцовымі, пераміналіся з нагі на нагу тры чалавекі – у чырвонаармейскай форме, з вінтоўкамі; адзін, крываногі і нізкарослы, з выпукластымі скуламі і вузкавокі і праўда падобны быў на кітайца. Збоку гарцаваў на крутазадым коніку, белазуба пасміхаючыся, Мірончык – балаховец, потым слуцкі міліцыянер, а цяпер старшы разведкі, якая і прывяла перабежчыкаў. Палонены імі чырвоны «камандзер», таксама ў акружэнні людзей, з закручанымі назад і звязанымі рукамі, з падбітым вокам, якое ўсё заплыло сінюшнай пухлінаю, высокі, у караткаватай яму скуранцы, стаяў, прыхінуўшыся плячом да царкоўнае сцяны і здзіўлена азіраўся вакол. На галаве яго была нейкая дзіўная, нябачаная дасюль шапка, з доўгімі вушамі, з высокай, звужанай на канцы піпкаю, падобная крыху на старадаўні славянскі шлем – шапка гэтая, мабыць, больш за ўсё і цікавіла разявакаў.
– Дагадаўся дык дагадаўся, што на галаву ўсперці!..
– А што ты хочаш? Царскае пазношвалі, цяпер сваё выдумляюць!
– Нуну, хопіць у іх розуму выдумаць, – сказаў, скрывіўшы рот, адзін немалады ваяка; на аблавушцы ў яго красавалася самаробная, з бляхі выразаная «Пагоня». Патлумачыў важна, з выглядам чалавека, што даволі пабыў у свеце, усяго наглядзеўся і наслухаўся і не роўня ім, цемнаце: – Гэтыя шлёмы, запомніце, мастак яшчэ адзін выдумаў, іхні, рускі – Васняцоў быў такі! І прыдумаў восепара, пры Мікалаі яшчэ, і нарабілі іх мо мільёны, а тут рэвалюцыя – вось бальшавічкі і прысвоілі…
– Ну дык! – дурное дзела не хітрае! – падтрымалі дзядзьку. – старога салдата. – Гэта ж не шыць, а зрывай замкі, грабі награбленае, як яны кажуць!..
Чырвоны камандзір стаяў спакойна, нібы не пра яго казалі,