Пошукі будучыні. Кузьма Чорны
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пошукі будучыні - Кузьма Чорны страница 4
– Э, пане-браце, немец! Дык жа мяне дарма з табой напалохалі. Ты ж зараз сто вёрст без аддыхі пешкам зробіш. Ну што ж, праўся ды разумней. Такі і не шкодзіла б, каб вы ўсе папруцянелі, а то гэтулькі неспакою праз вас. Аж да Баранавіч даперлі. Чаго? Павошта?
– Дык ён паправіцца? – нясмела і з надзеяй сказала Волечка.
– А хіба табе не ўсё роўна?
– Гэта ж мая хата. Лепш жа, калі ён сам адсюль выйдзе, чым мёртвы заваліць мне хату. Што я тады з ім рабіць буду.
– Чуеш? – сказаў фельчар да немца. – Праўся, а то хату гэтай малой заваліш.
– Напішам акт, што ён хворы і што я не мог у тэрмін яго сканваіраваць, – сказаў салдат.
– Давайце паперы.
З паперай была цяжкая справа. Яе не было ў гэтай хаце. Фельчар стаў церабіць свае кішэні і сваю фельчарскую пакоўню. Немец тым часам больш ачомаўся. Ён стаў рухавейшы, ажывіўся, пачаў паднімаць галаву і пільна прыглядацца да людзей і да ўсяго, што было ў хаце. Нейкі неспакой з'явіўся ў яго вачах. Было відно, што трывога агарнула яго і што яна ўсё пабольшваецца. І чым больш ён трывожыўся, тым здаравейшы рабіўся колер і выраз яго твару. І раптам, як вада з прабітага лёду, рванулася і лягла на яго твар пячаць недавер'я да ўсяго навакольнага і да людзей, якія былі каля яго. І пасля гэтага страх праступіў на рысах яго твару. І гэта ўсе заўважылі. Фельчар нейк крыва ўсміхнуўся і сказаў немцу:
– Чаго ты баішся? Дурань ты. Нямецкая галава. Машыну якую ці гармату новую ты ўмееш выдумаць,