Пошукі будучыні. Кузьма Чорны
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пошукі будучыні - Кузьма Чорны страница 6
– Нейк завецца, – злёгку прыбянтэжылася Волечка.
– А чым жа ты яе закрашваць будзеш?
Волечка як аслупянела. Нерухомая яна стаяла, і твар яе загарэўся чырвоным колерам.
– Малаком, – нарэшце адказала яна так, быццам кожнае слова важыла сто пудоў і цяжка было яго спусціць з языка.
– Як жа ты будзеш гэтую патраву малаком закрашваць, калі ты ў яе цыбулю кідала?
Волечка выбегла ў сенцы, і вочы яе напоўніліся слязьмі. Стары фельчар адчыніў дзверы ў сенцы і сеў на парозе.
– А чаго ў цябе, дзяўчо, твар так зачырванеўся? (Ён не пытаў: «чаго ў цябе слёзы?»)
– Бо я ля печы стаяла.
– У цябе няма сала?
– Няма, – як з-пад зямлі сказала яна.
– А каму ты так многа варыш?
– Усім… нам… Ужо другі дзень у мяне ў хаце чужыя людзі, а я ім нічога нават перакусіць не дала.
– А немца ты малаком паіла?
– Дык ён жа хворы.
– А малая ты мая, а галубка ты мая!
– Нічога, я пастаўлю новы гаршчок, без цыбулі… Гэта я забылася…
Кастусь у момант вока праскочыў праз сенцы на двор, развярнуў на возе сена і з бадай што пустой зашмальцованай торбы дастаў усё, што ў ёй было. Гэта быў раздушаны крышан сала. Аж босыя пяты яго мігцелі, як маланка, калі ён ускочыў назад у сенцы з моцным шпаркім шэптам. На твары яго ляжаў таемны выраз вялікага змоўшчыка:
– Волька, выйдзі к возу на момант.
І сам скінуў з сябе дзіцячую трапятлівасць і сталай хадой падаўся з сянец. Так жа паволі і стала Волька пайшла за ім. Абое сталі яны ля воза, дзе двое коней бесперапынна жавалі сена.
– На табе сала, на гаршчок будзе. І нікому не кажы, што гэта я табе даў. Няхай думаюць, што гэта ў цябе было, але ты не хацела спавядацца перад усімі і сказала, што няма.
Трэба было бачыць у гэты момант Волечку. Як заваёўніца свету, яна з ганарлівай павольнасцю ўвайшла ў хату і зноў пачала хадзіць ля печы. Салдат дастаў з свайго ранца бляшанку кансерваў, паставіў на стол і сказаў:
– Можа гэтым добра закрасіць гаршчок?
– Я ўжо закрасіла салам.
– А ты ж казала…
– Мала што я казала…
Немец сядзеў на лаве і прыглядаўся да ўсяго, што рабілася ў гэтай чужой яму хаце. Ужо быў прыцемак. Ужо агонь у печы згасаў. Ужо вераснёвы вечар апаноўваў цішынёй свет. Хвіліна за хвілінай, і ўсе гэтыя людзі паселі навокал стала. Волечка частавала іх патравай, якую, можа быць, і сама прыдумала з прычыны свае неспрактыкаванасці ў гаспадыньскіх справах. Еў салдат, еў фельчар, еў Кастусь, еў і немец. І ўсім падабалася яда. Фельчар раптам паварушыў сваю медыцынскую дарожную пакоўню і паставіў на стол пляскатую пляшку.
– А гэтую мікстурку я ўзяў з сабою, бо думаў, што прыйдзецца ёю лячыць немца. Аж яно і добра, што ўзяў.
Гэтую чыстую, як сляза, мікстуру адным заходам выпілі ўтрох: фельчар, салдат і немец. Пасля гэтага неўзабаве