Пошукі будучыні. Кузьма Чорны
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пошукі будучыні - Кузьма Чорны страница 8
У хвіліны гэтай гаворкі ў яго білася ў жыццё вострае жаданне хоць якім заняткам, хоць якой работай адцягнуць як надалей страшную неабходнасць ехаць немаведама куды.
Цяпер ён выразна падумаў: пакуль намалоціцца і пасеецца, то пройдзе некалькі дзён. Якое шчасце яшчэ некалькі дзён спакою!
Вялікі доктар усялякай хворасці ў чалавечай душы – час – мае вечнага свайго дапаможніка – працу. Можна сказаць з упэўненасцю, што праз гадзіну якую пасля гэтай гаворкі Кастусь Лукашэвіч не меў у душы ні смутку, ні трывогі. Перш за ўсё яны агледзелі з Волечкай пуню з снапамі. У пуні ж быў і ток. Пасля ён праверыў Нявадаўскія цапы. Відаць, добры гаспадар быў Нявада! Бічы ў цапах былі важкія і зручныя. Гужы шчыльныя, і завязкі з добрага сурамцу. Цапільны ж ужо мусіць за цэлыя гады добра абгладзіліся аб малацьбітовы рукі. Кастусь выбраў цэп самы размашны, расклаў на таку снапы і пачаў.
– Давай у два цапы, – сказала Волечка.
– Куды ты, малая! Нашто табе таміцца! Колькі тут той работы! Глядзі лепш хаты.
Браткі мае, што гэта быў за тон! Можна было падумаць, што ён век яе ведаў і быў блізак ёй. І як гэты тон быў падобен на тон самога Нявады, бацькі, калі, бывала, ён з ласкай загадваў ёй што-небудзь! Апанованая одумам, Волечка і сапраўды пайшла ў хату. Да самага адвячорка яна чула ў хаце, як роўна стукаў на таку цэп. Гэты гук нагадваў ёй яе нядаўняе маленства і восень. Бывала (тады не было вайны і маці была жыва) асеннімі днямі бацька ўставаў прыцемкам малаціць, і маці старалася, каб як найлепш накарміць бацьку. Ва ўспамінах і інстынктыўным адчуванні гэтага стук цэпа еднаўся з тым, бывалішнім. Дзеці часта гуляюць у дарослых. Тут жа не было гульні, была самая бязлітасная неабходнасць, але Волеччын твар быў цяпер так падобен да твару зусім малой дзяўчынкі, якая пераймае ўчынкі свае маці! Пакуль Кастусь збіў два пасады, яна не адыходзіла ад печы. Многа разоў яна ў клопаце хадзіла ў агарод, у клець, у склеп, у прыгрэбку і ўсё думала, і ўсё шукала, і глядзела, чаго б яшчэ пакласці ў гаршчок, і колькі (каб было ў меру) малака ўліць, і колькі каб кіпела. Але тут яна ўжо мела практыку. Куды горш было з хлебам. Яна яшчэ не ўмела пячы хлеба. Хлеб кожны раз быў то адпечаны, то ацеслівы. Цяпер хлеб быў ацеслівы. Праўда, ён ужо быў трэці тыдзень, і чорствасць зменшыла ацеслівасць, але ўсё роўна сорам добрай гаспадыні даваць такі хлеб чужым людзям. А што ж інакш рабіць? Што ж, няхай ён выбачае. І вось, нарэшце, настала хвіліна есці. Як добра ён адчуваў сябе пасля работы! А як была рада яна, калі ён весела сеў за стол. Яны елі з адной міскі, і абое не заўважалі, што хлеб ацеслівы. Ён усё гаварыў, гаварыў і наіўнымі, бадай што дзіцячымі жартамі рассмешваў яе, наіўную, малую, рухавую. Кудысьці далёка, у невядомую туманную далечыню адплыў прыкры клопат думаць, куды б ехаць далей, у тую брадзячую беспрытульнасць.
– Але ж ты і гаспадыня! У цябе ж мышэй больш, як таго жыта. Я калі варухнуў снапы, дык мышэй цэлых дзве плоймы і яшчэ маленькая плоймачка бяжыць ззаду.
Яна зарагатала і выліла з лыжкі на стол. Тады зарагатаў і ён.
– Бо ката няма, дык і мышы, – тонам апраўдання сказала