Джульета і экстрасэнс (зборнік). Таццяна Мушынская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Джульета і экстрасэнс (зборнік) - Таццяна Мушынская страница 17
Дзяўчынка зацята маўчыць.
– Таму я вельмі раю табе, – працягвае адбітак у люстэрку, – пакінуць яго першай.
– ?..
– Мая даражэнькая, каханне – гэта яшчэ і поле бою. Вырашае не тое, у каго пачуцці мацнейшыя, а ў каго больш трывалая воля. Хто з таго поля пойдзе першы, той і пераможца. Вакол цябе няма людзей, якія будуць рады пасядзець з табой у кавярні ці прайсціся па вечаровым горадзе? А калі дадому на каву запрасіць, тут чарга ўтворыцца. На свеце няма нічога горшага, чым комплекс пакінутай жанчыны.
– Я не магу ад яго адмовіцца. Ён – лепшае, што ёсць у маім жыцці. Мо падобнага ніколі не будзе?
– Не будзе. Будзе штосьці іншае. Цяпер ты блукаеш на папялішчы былога кахання. I думаеш, як вярнуць тое, што вярнуць немагчыма. Калі ты кінеш яго або знойдзеш сабе некага іншага…
– Ніхто іншы мне не патрэбен.
– Даслухай. Калі ты яго кінеш або знойдзеш сабе іншага, Маэстра, магчыма, яшчэ вернецца. Ён хоць і з іншай планеты, але мужчына, а яны па прыродзе эгаісты і ўласнікі. Ён не тэлефануе, бо ведае, што ён для цябе Бог, адзінае святло ў акенцы. Калі ўбачыць, што цябе побач няма, твае якасці паўстануць перад ім у больш прывабным святле. Жанчыну трэба заваёўваць. Зноў і зноў. Дай яму такую займальную магчымасць!
– Няўжо гульні дзейнічаюць мацней, чым пачуцці?
– Я лічу, што гульні лепей, чым слёзы. У цябе дзіўнае разуменне адносін Ён – Яна. Навошта ты ставіш мужчыну ў цэнтр свету? Ці сусвету… Ці не надта вялікі гонар для яго? А сама не хочаш там стаяць? Ён сышоў, і табе здаецца, што свет знік. Не! З ім усё ў парадку.
На шчасце, мужчына – не цэнтр Сусвету. А толькі фрагмент. Часам цікавы, часам нецікавы. Твая багатая фантазія дамалявала ў партрэце тое, чаго няма ў рэальнасці.
Ты хочаш, як Ганна Аркадзьеўна Карэніна, каб у жыцці панавала толькі адно бязмежнае каханне. Але паглядзі: штодня працуюць школы, садкі, паліклінікі, крамы, аптэкі, банкі, заводы, міністэрствы. Людзі вучацца, працуюць. Падарожнічаюць, гандлююць, чытаюць, глядзяць тэлевізар, ходзяць у госці, ездзяць на лецішча. Значыць, не адно каханне кіруе рэальнасцю. Калі б эратычная ідэя была вызначальнай, ніхто б з ложкаў не вылазіў…
Дзяўчынка нарэшце ўсміхнулася.
– Патлумач, чаму мне так пагана?
– Ты растварылася ў ім. І забылася, якой была раней. Дарэчы, выключна славянская завядзёнка – усё даводзіць да крайнасці. Навошта гэтая «дастаеўшчына»? Ты моўчкі пакутуеш, а лепей бы скандал яму закаціла, а ў гэты час назірала, як ён рэагаваць будзе. Або сцэну рэўнасці арганізавала. Можна талеркі не надта каштоўныя перабіць – дапамагае.
– Можа, нам з табой трэба часцей размаўляць? Каб разумець адна адну… – разважае дзяўчынка.
– Існуюць розныя віды смагі. Фізічная, эмацыйная, тактыльная, эратычная. Ты доўгі час жыла