Мосцік над вечнасцю (зборнік). Сяргей Ваганаў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Мосцік над вечнасцю (зборнік) - Сяргей Ваганаў страница
Толькі праз такое адчуванне памяць уплеценая ў кожнае цяперашняе імгненне.
Толькі праз такое адчуванне жыццё падаецца бясконцым.
І. Па кім маўчыць звон
Чалавек рэдка зважае на сваё здароўе, калі нічога не баліць. А калі нават пабольвае, трывае. Бо звык. Між тым хвароба паціху падточвае ягоны арганізм – і ўрэшце выбухае нясцерпным болем. Так здараецца і з грамадствам…
Пераходны перыяд
31 снежня, літаральна за некалькі гадзін да Новага году, раптам высветлілася, што недзе згубіліся лямпачкі на ялінку. У пошуках я натыкнуўся на пашарпаную скрынку з-пад цукерак, а ў ёй – паперкі, на якія даўно забыўся. «Глянь ты, чэкі, – з пэўным здзіўленнем вымавіў я. – Колькі яны тут праляжалі?» – «Бяжы па лямпачкі, – адазвалася жонка. – Пакуль няма лямпачак, нельга вешаць цацкі…» «Бяжы, бяжы… Ты ведаеш, колькі яны зараз каштуюць? Тысяч 150, не меней… Слухай, а давай замест лямпачак гэтыя паперкі падвесім. Бачыш, як яны гараць сінім полымем? Вось маіх бацькоў чэкі, і сястры, і тваёй маці, і нашы з табой… Усё напрацаванае за іхняе і нашае жыццё…» – «Не марнуй час, – раззлавалася жонка, – бяжы…»
…Праз колькі хвілін я ўжо бег на Камароўскі рынак, на падыходзе да якога патрапіў у натоўп, сціснуты ў прыцемках падземнага пераходу. Не, ён рухаўся ў абодва бакі не так ужо й марудна, нават хутчэй, чымсьці я спрабаваў бегчы. Але з той натоўпнай хуткасцю, якая заўсёды замінае асабістаму руху…
Шукаючы сваю сцежку між сотнямі людзей, я кідаўся ва ўсе бакі, пакуль не прыціснуўся да сцяны. І раптам пачуў нейкі дзіўны гук.
Праз цяжкую вільгаць падзямелля, быццам аднекуль здалёк, даносілася дрогкая, прарэзлівая і адначасова журботная мелодыя. Паціху, паціху ўздоўж сцяны, абмінаючы бабулек, што прадавалі вязаныя шкарпэткі, хусткі, ручнікі і абрусы, я праціснуўся да таго месца, адкуль лілася мелодыя.
Хлопчык гадоў дванаццаці, прыклаўшыся пачырванелай шчакой да скрыпкі, павольна вадзіў смыкам па струнах і час ад часу адкідваў саламянага колеру чупрыну. Ён, мусіць, толькі вучыўся граць, часта фальшывіў, я ніяк не пазнаваў мелодыю, пакуль ён не ўзяў некалькі чысцюткіх нот: «Ты ж мая, ты ж мая перапёлачка…»
Натоўп рухаўся і рухаўся, не запавольваючы кроку, абмінаючы раскладзены перад музыкам чорны футляр з пацёртым бардовым аксамітам. Нябачна было аніводнага асобнага твару – толькі твар натоўпу, ягоны злеплены адзіным клопатам твар. Хто-ніхто, праўда, кідаў усё ж нейкія грошы. А я, забыўшыся пра лямпачкі, глядзеў і глядзеў на хлопца, на ягоны непаслухмяны смык, і ўсё намагаўся зразумець, што ж адбылося ў гэтым пераходзе за доўгі час. Не «Раскинулось море широко…», не «День Победы», нават не «Стюардесса Жанна», якую мы з пісьменнікам Віктарам Казько чулі ў гэтым пераходзе напачатку 90-х. «Культура пераходнага перыяду», – выдаў ён тады трапную фармулёўку. І вось здарылася, перайшлі – пачулі, нарэшце, беларускую песню…
Колькі ні жывём, думаў я, усё то маршыруем, то паўзём праз нейкі «пераходны перыяд».
І дзяды, і бацькі нашы ўсё пераходзілі да розных сацыялізмаў і камунізмаў «праз 20 год»…
І мы, ужо самі бацькі і дзяды, усё пераходзім да «незалежнасці і дэмакратыі» на чале з дыктатурай…
І вось ужо дзеці нашы і ўнукі пераходзяць і пераходзяць да ўсяго, што трапляе на гнуткі язык праўладных ідэолагаў і прапагандыстаў…
Што за пачвара загнала і вядзе нас па цьмяным пераходзе, ператвараючы нашы твары ў нейкі адзін твар то агрэсіўнага, то абыякавага натоўпу?
Здавалася б, што дрэннага: з аднаго боку пераходу філармонія, з другога – рынак. Хадзі туды-сюды, купляй кітайскія лямпачкі, слухай сусветную класіку, атрымлівай, хто якую можа, асалоду ад жыцця…
Але чамусьці не атрымліваецца.
Чамусьці ўзгадваецца, выплывае з цемры часу здымак 50-х гадоў мінулага стагоддзя: узнятая на дыбкі Камароўская багна, дзіўна, але ўжо ўзвышаюцца слупы з ліхтарамі, а паміж імі – чорны правал у бездань, нібыта ў пекла…
…Пакуль наплывалі пад «Перапёлачку» гэтыя карціны і думкі, хлопчык са скрыпкай некуды знік, я не паспеў пакласці ў футарал хаця б нейкія грошы. І ўвесь тыдзень да самых Калядаў я цікаваў яго ў пераходзе, каб пагаварыць, спытаць імя, разлічыцца. Але не, цёмны пераход быў пусты, толькі дзьмулі з канца ў канец ад рынка да філармоніі і ад філармоніі да рынка цемнаватыя падземныя скразнякі…
І тады я выйшаў да святла на плошчу. Ці, можа, на Плошчу?
Усё тут было, як заўсёды ў выхадны дзень: і матулі з дзіцячымі вазочкамі, і юнакі, што з кветкамі чакалі спаткання, і падобны да Леніна Якуб Колас з героямі сваіх цудоўных твораў, увасобленых у не надта зграбным помніку…
Нават