Жанчына і леапард (зборнік). Таццяна Барысік
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Жанчына і леапард (зборнік) - Таццяна Барысік страница 6
– А цяпер не для друку. Дзяціны спалох у вачах кабеты:
– Што, ізноў нешта не тое? Ну, вам не дагодзіш.
– Не, працягвайце калі ласка, мне вельмі цікава.
– Я пра яго ў кніжцы даччыной прачытала і па тэлевізары бачыла. Ён у зграі не жыве. Ляжыць на галіне дрэва над сцежкаю, кудой антылопы на вадапой ідуць, і палюе сабе сваю здабычу. А футра ў яго – майму паліту не раўня!
Кволы камячок павагі да сапраўднага, а не прыдуманага аблічча сваёй суразмоўцы заварушыўся ў душы Івана, дзе хвіліну таму панавала сумесь іроніі і шкадавання. Ад нечаканасці не знайшоўшы патрэбных словаў, ён проста падзякаваў Алене Багуненчысе за змястоўную размову і на развітанне сфатаграфаваў яе на фоне новага абсталявання, якое ўжо больш як паўгода ў куце пылілася.
Усё-такі леапард у Індыі і чалавек са Слабодкі, што ні кажыце, шмат агульнага маюць: абодва вольнымі нараджаюцца. Але пасля ў чалавека з’яўляецца прысядзібная гаспадарка, праца, дзеці, раскрадальнік алюмініевых тазікаў Сярожка, хворая нага, і ён паўстае на раздарожжы: або ўласная годнасць, чыстае сумленне, але замардаванае існаванне штодня ды малыя шанцы дасягнуць пенсійнага веку ў выніку, альбо з аптымізмам у будучыню – з паляндвічкаю для чулага кіраўніцтва пад пахай, варыкозныя ногі за сабою цягнучы. Тады фінал крыху іншы – трансфармацыя імкнення да свабоды і самапавагі ў нечаканае жаданне стаць леапардам.
Інтэрв’ю пад назвай «З любоўю да працы» змешчанае ў чарговым нумары раёнкі, заняло ўсю старонку. З фотаздымка змучана ўсміхалася ўдарніца Ленка Багуненка ў бялюткім халаціку, пазычаным для такога выпадку. Ад цёткі Алены Багуненчыхі і яе мары ў газеце, вядома, не засталося і следу.
– Фатаграфія красівая, і напісана харашо, дажа і па-беларускі, – зазначыла Вікторыя Генадзеўна, прымацаваўшы «Шлях працы» на інфармацыйным стэндзе ля прахадной. Не засталіся абыякавымі да інтэрв’ю і ў сям’і Багуненкаў, дачка прапанавала нават паслаць яго цётцы Тамары ў Гродзенскую вобласць, муж маўчаў, пасміхаючыся ў вусы. Сярод астатніх жыхароў раёна публіцыстычны твор не займеў ніякага рэзанансу. А вось у Івана Гаўрыльчыка тая камандзіроўка ўпершыню за апошнія гады не йшла з галавы.
Па першым нетрывалым сняжку ён крочыў у кнігарню. Рэдакцыйная бухгалтарка Галіна Карпаўна дала грошы і папрасіла набыць фоташпалеры ці каляндар, каб закрыць урэшце гэтую пляміну на сцяне. А то няёмка – у кабінеце ж начальства бывае рознае і так людзі прыходзяць. Напярэдадні ў кнігарню завезлі новую друкаваную прадукцыю. У Івана аж вочы разбегліся, чаго тут толькі не было! І васількі ў жыце з надпісам «Квітней Беларусь!», і кацяняты ў кошыку, і садавіна побач з бутэлькаю віна ў атачэнні курортных краявідаў, і вялізны каляндар з хакеістамі. Але жыццё не пакінула яму выбару з тае секунды, як заўважыў тыя фоташпалеры ў куце паміж кніжнымі паліцамі.
У абедзенны перапынак прыбіральшчыца Сямёнаўна зайшла на хвілінку да сяброўкі бухгалтаркі Карпаўны абмеркаваць набалелае: