Мае дзевяностыя. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахарэвiч страница 20
Тарашкевіца для мяне – выклік мэйнстрыму, саўку, расеі ў галовах, выклік канфармізму, які пануе апошнім часам у культуры. Я буду трымацца за яе, як трымаўся ўсе дзевяностыя, – гэта правапіс усіх маіх тэкстаў і кніг. Цяпер я адчуваю сябе, як Гюнтэр Грас – той самы пісьменьнік Грас, што не прызнаў апошнюю рэформу нямецкай мовы і працягваў да сьмерці пісаць так, як лічыў патрэбным і прыгожым. Забаўна ўяўляць сабе Граса, які, пыхкаючы люлькай, спрабуе знайсьці адэкватны адказ на жалезабэтонны аргумэнт: «Так цяпер пішуць усе…»
«Так робяць усе», «гэта любяць усе», «гэта чытаюць усе», «так пішуць усе», «так усе думаюць» – найлепшы матыў не рабіць, не любіць, не чытаць, не пісаць, думаць інакш. Большасьць заўжды памыляецца.
Няправільны беларус
У пэдагагічным я быў адным зь нешматлікіх цалкам беларускамоўных студэнтаў. Але мае выкладчыкі былі дастаткова праніклівымі людзьмі – яны адразу разгадалі ўва мне няправільнага беларуса. Тарашкевіца шмат каго зь іх даводзіла да шаленства – калі б на маім месцы быў не такі самаўпэўнены малады чалавек, іхныя прыдзіркі назаўжды адвярнулі б гэтага студэнта або студэнтку ад беларускай мовы, бо, урэшце, мова адна, усяго толькі правапісы розныя. Выкладчыкі чапляліся да маіх мяккіх знакаў і «клюбаў», я не здаваўся, даводзячы ім беларускасьць і арганічнасьць тарашкевіцы, гэта злавала іх яшчэ больш. Тое, што я казаў, пісаў, рабіў, было для іх замахам на сьвятасьць мовы і літаратуры – а сьвятасьць тая трымалася на Глебку, Броўку, Шамякіне, Панчанку, Куляшове, трымалася на «рацэ Арэсе» і «маладой калгасьніцы», што «жыве весела, ані дбае». Ім было напляваць, што шанаваныя імі Быкаў і Караткевіч не цураліся тарашкевіцы. Яны хацелі, каб я быў тыповым беларускім студэнтам і нёс народу сьвятло адукацыі на роднай мове. А родная мова не цярпіць «філязофіі», праўда?
Мова як аплявуха
Беларуская мова была для мяне найлепшай формай пратэсту: яна злавала, прыцягвала, раздражняла, узбуджала, яна была як завушніца або доўгія валасы, як іракез, яна была выклікам, яна не пакідала нікога абыякавым, за яе маглі зьбіць, плюнуць пад ногі або ў сьпіну, яна эпатавала і прымушала «іх» – думаць, а мяне – рабіла асаблівым, вылучала з натоўпу. Давала мне тую самую «асалоду супрацьстаяньня».
Цяпер у Менску беларускай мовай можна зьдзівіць хіба адсталага жыхара ўскраін або расейскага эмігранта, упэўненага, што ён прыехаў з Расеі ў Расею, толькі чыстую і ўпарадкаваную. Ну, або турыста з той самай краіны. Выклікаць беларускай мовай нейкія іншыя эмоцыі – можна, але зьдзівіць, шакаваць – не, наўрад ці.
Санітары