Праведная галеча. Франс Эмиль Силланпяя
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Праведная галеча - Франс Эмиль Силланпяя страница 13
Пеньямі застаўся адзін у сваім старым доме, ахутаным утульнай цішынёю. Цяпер ён і напраўду быў адзін. Перажытыя падзеі так уразілі яго, што першы і апошні раз за ўсё сваё доўгае жыццё ён меў нязвыклы стан душы: не адчуваў ні злосці, ні зайздрасці, аб усім думаў з дзіўнай абыякавасцю. Ягоная жоўтая ад тытуню барада трэслася. Апошні адростак стагадовага сялянскага роду, ён плакаў. Сённяшні спантанны візіт да Олілы быў ягонай апошняю праходкай па зямлі Хар’якангас.
Сканаў ён той жа ноччу. Апошнія словы ён прамовіў вельмі выразна: «Я памру не сабачаю смерцю». Ён, безумоўна ж, трызніў, паўтараючы вядомыя словы гаспадара хутара Прыйкала. Пеньямі, напіваючыся гарэлкі, і раней часта казаў так, але цяпер прамовіў гэтую сваю заўсёдную прыказку мякка, амаль пяшчотна.
Неўзабаве пасля смерці старога Пеньямі мара маленькага Юсі спраўдзілася. Канцылярыя Турку за пазыкі пусціла хутар з малатка. Тата Оліла, якому нябожчык быў вінаваты больш за ўсіх, купіў хутар і пасадзіў там гаспадаром свайго малодшага сына Антаа. Мая з сынам мусіла пакінуць страчаны хутар. Яна не захацела застацца ў родных краях, дзе з самых дзявочых гадоў ёй даводзілася перажываць шматлікія жыццёвыя нягоды. Асушыўшы слёзы, яна вырашыла падацца да брата, які – людзі казалі – жыў даволі заможна. Адным светлым раннем Юсі прачнуўся і ўбачыў, што маці зносіць іхнія небагатыя пажыткі ў сані каля ганка. У Маі яшчэ заставалася колькі зярнятак кавы, на дзіва зберагліся і некалькі кавалкаў таго хлеба, які прынёс набожчык Пеньямі ад таты Олілы. Яны паснедалі, а рэшткі склалі ў сані. Потым рушылі ў дарогу, назаўсёды пакінуўшы гэты дом. Мая цягнула санкі, а Юсі, у штанах з лямкамі і старой світцы нябожчыка Пеньямі, штурхаў іх ззаду. Мая апранулася ў другую світку старога Пеньямі. Ярка блішчаў снег пад вясновым сонцам. Ужо ідучы па лёдзе возера, Юсі крадком азірнуўся і паглядзеў на далёкую і такую прыгожую вяршыню Свіной горкі, дзе некалі гуляў у такія цудоўныя гульні. Ён ніяк не мог праглынуць камяк у горле, і паступова захапленне вандроўным жыццём змянілася смуткам.
Спачатку яны ішлі ўдваіх, і ў памяці Юсі адзін за адным узнікалі постаці людзей, якіх ён ведаў у першыя дзесяць гадоў свайго жыцця і якія разышліся хто куды. Ён успамінаў Аапелі і Кустаа, Еву і Марке, свайго бацьку Пеньямі. Цяпер, удалечыні ад свайго дому, у такім нязвыклым асяроддзі, усе тыя людзі здаваліся яму дзіўна аднолькавымі.
Але хутка ў іх з’явіліся спадарожнікі. На вялікіх гасцінцах ім часта пачалі трапляцца шматлікія доўгія чароды людзей. Большасць цягнула за сабою сані з вялікай паклажаю, але часам можна было ўбачыць і схуднелага да касцей каня. Сані і конь звычайна ўтваралі своеасаблівы цэнтр,