Праведная галеча. Франс Эмиль Силланпяя
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Праведная галеча - Франс Эмиль Силланпяя страница 11
Бязмежнае зорнае неба глядзіць уніз на мітусню маленькага чалавечага племя, на тое, як яно імкнецца зберагчы сваё слабенькае жыццё дзеля будучых пакаленняў, чый лёс немагчыма прадказаць і прадбачыць у тых шчаслівых, а можа, няшчасных, часах праз дваццаць, пяцьдзясят, сто гадоў. Неба бачыць глухія пушчы, у якіх побач з паміраючымі жабракамі і бліскучымі вачамі рысяў дрэмлюць мільёны будучых людзей. На лясных прагалах відаць сівыя вёскі, у якіх адзін бачыць у сне, як ён завалодвае шматлікімі хутарамі, а другі сніць, што праводзіць апошнюю калядную ноч у бацькоўскім доме. Неба бачыць вёскі, дзе ў прытулках для бяздомных жабракоў ціха згасаюць тыя, каму не наканавана спазнаць шчаслівую будучыню. Шмат усяго такога бачыць неба на гэтай застылай у шэрай аднастайнасці зямлі, бо час вялікіх ліхалеццяў яшчэ не надышоў. Аднак на зямлі і ў паветры ўжо зрушыліся магутныя сілы прыроды – як таямнічыя, так і відавочныя. Былі Каляды 1867 года. З такой далечыні часу ўсё гэта можа падавацца вельмі цікавым, але тады настрой у людзей быў даволі прыгнечаны. Калі святочнае застолле скончылася, Мая паспрабавала заспяваць псалом, але голас у яе так панізіўся, што падтрымаць спеў ніхто не змог. Праспяваўшы пару вершаў, яна змоўкла.
Настрой дзесяцігадовага Юсі ўтвараўся з тых слабых уражанняў, якія ён атрымаў дома і па-за домам на працягу каляднага вечара. Праходка на Свіную горку ператварылася ў прыгоду каляднага вечара, водар бручкі напамінаў яму аб святочнай вячэры, бацькавы выбрыкі былі справаю даўно знаёмай. Пасля вячэры ён яшчэ раз паспрабаваў уладкавацца на прэлай саломе. І нарэшце да яго прыйшоў сон, напоўніўшы бляклымі фарбамі маленькія падзеі таго вечара.
Стары Пеньямі заўсёды гнаў прэч жабракоў. Але той каляднай ноччу яны ўпершыню ўступілі ў хату на хутары Нікіля. Толькі ўсе сабраліся спаць, як у хату ўлезла старая бабуля з двума дзецьмі. Яна расказала, што іхняя маці памерла ў дарозе. Паколькі стары Пеньямі моцна спаў, ім дазволілі пераначаваць на смярдзючай саломе. Іхні прыход разбудзіў Юсі, і ў ягонай напалову соннай душы вобразы гэтых вандроўнікаў засталіся назаўсёды. Хлопчыку падалося, што ён праспаў Каляды.
Уранні Пеньямі раздражнёна бурчаў, але сілы ў яго не хапала на сапраўдную сварку, таму ён толькі млява лаяўся са старою жабрачкай. Тая не саступала. Яна займалася сваімі дзецьмі і амаль гвалтам здабыла крыху малака з невялікіх прыпасаў, што меліся ў доме. Яна засталася яшчэ на адну ноч, старанна аплятала хлеб з мякінай, які пяклі ў Нікілі. Не менш старанна яна нахвальвала гэты грубы хлеб, з вялікай дасведчанасцю