Эксгумацыя. Виктор Правдин
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Эксгумацыя - Виктор Правдин страница 12
Лейтэнант нецярплiва загрукаў у блiжэйшае да сяржанта акно, але Нямцоў азваўся толькi пасля таго, як замаскiраваў схованку.
– Хто там? – нарэшце нервова спытаў царкоўны стараста, спадзеючыся, што гэта хто-небудзь з тутэйшых.
– Адчыняй, Нямцоў! – кляцнуўшы затворам карабiна, пагрозлiва крыкнуў сяржант, якi ўжо стаяў побач з лейтэнантам.
– I без глупства, хата акружана, – успомнiўшы, што ён тут галоўны, пайшоў на хiтрасць лейтэнант. – Калi што якое задумаў – страляем без папярэджання.
На нейкi момант запанавала цiшыня.
– Няма куды мне ўцякаць, – скiдваючы цяжкую засоўку, прабурчаў Нямцоў, – i баяцца няма каго, даўно перажыў свой страх…
Нарэшце дзверы расчынiлiся, i на парозе ўзнiкла сутулая постаць Нямцова з учарнелай газнiцай у прыўзнятай правай руцэ. Ён, прыжмурыўшыся, адначасова з надзеяй i страхам сiлiўся разгледзець няпрошаных гасцей, але, убачыўшы людзей у НКУСаўскай форме з вiнтоўкамi напагатове, паспешлiва адвёў позiрк i, унiкаючы глядзець на «гасцей», паволi павярнуўся i пашкандыбаў у хату. Пры святле газнiцы Нямцоў выглядаў гадоў на семдзесят, хаця паўгода таму яму споўнiлася шэсцьдзесят. Асаблiва ў гэтую хвiлiну старыла ссутуленая спiна, але ў прыземiстай, шырокай постацi адчувалася насцярожана-ваяўнiчае напружанне, ён, быццам лясны звер, адчуваў небяспеку кожнай клетачкай арганiзма. Гэтае напружанне перадалося i лейтэнанту, якi раптам уявiў, што Нямцоў можа ў любы момант крутнуцца i запусцiць у яго газнiцай. Нават у носе непрыемна заказытаў прыкры пах газы. Ён, канешне, паспее стрэлiць, але што, як загарыцца адзенне?
Лейтэнантава трывога быццам перадалася сяржанту.
– Стой, дзед! – рэзка скамандаваў ён i, калi ссутуленая постаць спынiлася, скоса зiрнуўшы на ўсхваляванага начальнiка, выдыхнуў: – Кругом!
Адна смертаносная чорная руля ўперлася Нямцову ў грудзi, другая ў жывот. Ад гэтага дотыку гаспадар хаты знерухомеў, халодныя, лiпучыя мурашы хваляй прабеглi па спiне, перахапiла дыханне.
– Стаў газнiцу на падлогу, – працягваў камандваць сяржант.
Нямцоў няспешна, па-старэчы крактануў, паставiў лямпу i, перасiльваючы сябе, паблажлiва ўсмiхнуўся:
– Што гэта вы, хлопцы, раптам замiтусiлiся?
– Пагавары ў мяне… – сяржант балюча тыцнуў