Эксгумацыя. Виктор Правдин
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Эксгумацыя - Виктор Правдин страница 8
– Тата, куды пакласцi бабулiна адзенне? – тузанула бацьку за рукаво кашулi Кацярына i насцярожана-недаверлiвым позiркам утаропiлася ў Смаляка.
Шашок схамянуўся, паспешлiва выхапiў з рук дачкi невялiкi клунак i борздзенька пашыбаваў у хату, кiнуўшы на хаду:
– Я сам аднясу, – ён вiдавочна хваляваўся.
Праз некалькi хвiлiн ён падыходзiў да Смаляка ўжо спакойным i ўпэўненым у сабе чалавекам, ад узбуджанасцi i няўпэўненасцi не засталося i следу, толькi ў шэра-халодных вачах яшчэ не-не ды ўспыхвалi трывожныя, палахлiвыя агеньчыкi.
На твар Смаляку звалiлася некалькi халодных, нечаканых дажджынак. Ён, прыжмурыўшыся, з надзеяй паглядзеў на нiзкiя хмары, якiя няўмольным чорным крылом напаўзалi на горад. Усё наўкол напружана сцiшылася, нават ваяўнiчыя пеўнiкi знерухомелi i спалохана цiснулiся адзін да аднаго, здзiўлена плюскаючы вачыма. Яны таксама чакалi дажджу, але адначасова i баялiся няведамай iм стыхii.
– Ну, нарэшце дачакалiся, – з-пад далонi паглядзеў на аблокi Шашок i iранiчна дадаў: – Па радыё дождж абяцалi яшчэ заўчора… Зойдзем у хату, там i пагаворым, хаця… – ён недагаварыў, абыякава махнуў рукой i, не азiраючыся, пашкандыбаў у прачыненыя дзверы.
«Што крыецца за Шашковым „хаця͗”? – iдучы следам, падумаў Смаляк. – Цi не звязана гэта з ягонымi паводзiнамi ў бальнiцы? Чаму там ён, бы звар’яцелы, крычаў, што мацi хацелi забiць, i слухаць не хацеў пра няшчасны выпадак? Калi так, то якая прычына, каму перайшла дарогу старая? Такога разважлiвага чалавека, як Шашок, не проста выбiць з каляiны, i тым не менш… А цяпер ён трагедыю ўспрымае, як няшчасны выпадак, i ўсё ж ён нервуецца, i ў першыя хвiлiны сустрэчы быў вельмi напалоханы, ледзь узяў сябе ў рукi. А зменлiвыя паводзiны ягонай мацi падчас допыту ў пракуратуры i апошняй сустрэчы… Не, вiдавочна, гэтыя Шашкi нешта замоўчваюць, адчуваю, што ёсць таямнiца, якая, па ўсiм, i прывяла да трагедыi, а калi так, то i паводзiны сына ў бальнiцы знаходзяць лагiчнае паразуменне. Трэба з гэтым разабрацца».
Шашок нецярплiва чакаў Смаляка ў прасторнай, светлай верандзе. Справа ад увахода стаяў адшлiфаваны да бляску мажны круглы стол на мудрагелiстых тоўстых ножках, зробленых у выглядзе лiчбы «2». Вакол прыслужлiва высiлiся чатыры самаробныя драўляныя крэслы з конусападобнымi набалдашнiкамi на спiнках. Крэслы выглядалi маўклiвымi ваярамi-ахоўнiкамi свайго блiскучага гаспадара-стала, а крыху далей, каля сцяны, абклеенай блакiтнымi шпалерамi, нясмела тулiлася, быццам баючыся гэтых мажных крэслаў-ахоўнiкаў, вузенькая белая шафа, у якой за шклом задзiрлiва, нават з выклiкам, блiшчэлi крышталёвыя шклянкi, iншы каштоўны посуд.
– Справу аб дарожна-транспартным здарэннi вядзе мiлiцыя, – сядаючы ў вялiкае рыпучае крэсла, адразу прагаварыў Смаляк i, каб папярэдзiць магчымыя пытаннi, патлумачыў: – Я ж праводжу расследаванне факта смерцi вашага суседа, нябожчыка Альховiка, i якраз ў пятнiцу, напярэдаднi няшчаснага выпадку, быў тут, размаўляў з Казiмiрай Францаўнай.
Смаляк