Інструкцыя по спакушэнні замужніх жанчын. Коллектив авторов
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Інструкцыя по спакушэнні замужніх жанчын - Коллектив авторов страница 7
– Нясу, – адказала з-за дзвярэй жонка.
Я зразумеў, што і мне пара на вуліцу.
Тады мне прачыніліся дзверы ў святая святых, і я зазірнуў у шчыліну. Там я ўбачыў стос чыстых лістоў паперы на стале, пішучую машынку і невыразны абрыс машыністкі. Яна магла быць і пекнай дзяўчынаю.
«Анты, наперад!» – скамандаваў я.
Але раман «Анты» так і застаўся напісаным ад рукі чарнавіком. Відаць, для яго напісання трэба было атрымаць па галаве не драўляным, а жалезным мячом. Аднак, як я ўжо сказаў, яшчэ раз надзяваць на галаву вядро я катэгарычна адмовіўся. Значыць, і жалезны меч застаўся ў нейкім іншым жыцці.
Пазней я пісаў апавяданні, аповесці і нават раманы, аднак любімым жанрам засталося менавіта апавяданне. Тое самае, што выскачыла з вядра.
Бітва каля вакзала
1
Я прыехаў у Варшаву па выдавецкіх справах і адразу пазваніў свайму сябру Болеку.
– Ты тут? – узрадваўся той. – Вось цяпер мы дакладна паездзім па Польшчы. Ты куды хочаш – у Кракаў ці ў Гданьск?
– У Гданьск, – сказаў я. – Там і Сопат побач.
– Не толькі Сопат, – засмяяўся Болек. – Заўтра ўранку сустракаемся на вакзале.
Мы з Болекам даўно дамаўляліся праехацца па Польшчы. Болеку больш даспадобы была паездка ў Кракаў, гістарычную сталіцу Польшчы, але я выбраў Гданьск, колішні Данцыг. Там ваяваў мой дзядзька, і я хацеў, як кажуць, пазнаёміцца з мясцовасцю.
Сябры звалі нас Болек і Лёлік. Канечне, пры жаданні Алеся можна было перарабіць у Лёліка, але ўсё-ткі гэтае жаданне павінна было быць вельмі моцным. Спачатку я пратэставаў, аднак потым прызвычаіўся. А Болек і не пратэставаў, па натуры ён быў канфарміст. Хаця сябраваць з рускімі ў Польшчы адважваўся далёка не кожны канфарміст.
– А мы нікому не скажам, – гаварыў Болек, калі я яму нагадваў пра гэта. – Давай лепш вып’ем.
Мы сустрэліся на вакзале. Болек ужо ўзяў білеты туды і назад.
– Прыедзем, пагуляем па Гданьску, з’ездзім у Сопат і Мальбарк і вячэрнім цягніком вернемся, – паведаміў ён. – Я тут пакінуў машыну, каб адразу адвезці цябе ў гатэль.
– Я спыніўся ў Рускім доме, – сказаў я.
– Адвязу цябе нават у Рускі дом, – усміхнуўся ён.
– Нацыяналістам не скажам? – шэптам спытаўся я.
– Нікому не скажам, – таксама шэптам адказаў Болек.
2
Мы ўладкаваліся на сядзеннях. Цягнік крануўся.
Нейкі час я пазіраў у акно, потым пераключыўся на тэлевізійныя навіны. Ва ўніверсітэце я вучыў польскую мову, і набытых ведаў мне хапала не толькі для зносін з Болекам, але і для прагляду апошніх навін. Тэлевізійная карцінка значна аблягчала разуменне таго, што адбывалася ў свеце. У глыбіні душы я спадзяваўся, што калі-небудзь гэтыя веды дапамогуць мне дамовіцца аб рамантычным спатканні з чароўнаю Тэрэзай альбо Гражынай, аднак пакуль такі выпадак не надарыўся.