Трыкутнiк караля. Яўген Аснарэўскі
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Трыкутнiк караля - Яўген Аснарэўскі страница 9
Зайшоўшы дадому і распрануўшыся, дзяўчына адправілася ў душ. Праз паўгадзіны, ахінуўшы сваю вытанчаную фігурку ў белы пухнаты халат, яна зайшла ў спальню, дзе стаяў яе вялікi зручны ложак. Побач ляжала кніга Эдгара По, раскрытая на вершы «Сон у сне». Вiка бачыла, што ўсё вакол як быццам расплывалася.
Звычайна, да яе не прыходзілі сны, але на гэта раз, як толькі Вiка закрыла вочы, яе свядомасць правалілася ў мутны вір…
Глава 4. Сон Вікі
Вялікая, авальная заля была слаба асветлена свечкамі, патрэскваўчымi ў пазалочаных падсвечніках. У прыгожым, разьбяным крэсле, паклаўшы ногі ў ботах на аксамітную падушку з кутаскамi, сядзеў чалавек, які здаваўся пагружаным у глыбокі роздум. Серабрыстыя пасмы на яго галаве рабілі яго падобным на сівога старога, якi ўспамінае дзянькі бесклапотнай маладосці. Шаўковыя адзеннi і ордэн у выглядзе зоркі на грудзях, паблісквалі ў паўзмроку. Ён церабіў пальцамі карункаваю хустку. У чалавека былі вялікія вочы і арліны нос. На некаторай адлегласці ад яго, у поўнай павагi паставе, стаяў нейкi стары з вялікімі вусамі, падпяразаны велізарным, вышытым золатам, кушаком. Можна было здагадацца, што гэта падданы таго, хто сядзеў у крэсле.
– Ваша Вялікасць, – мякка сказаў вусаты слуга па-польску, – той, каго вы маеце ласку чакаць – тут.
Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, не перастаючы церабіць пальцамі хустку і не паднімаючы позірку ціха адказаў:
– Хай увойдзе.
Праз некалькі імгненняў у зале ўжо стаяў худы чалавек, у дзіўным, не па модзе таго часу, строі, з вусамі і барадой, доўгім носам, вялікімі вачыма. Ён злёгку пакланіўся каралю.
– Вось вы і прыйшлі, – сказаў Панятоўскі, падняўшы погляд на госця. – Пакіньце нас адных.
Вусаты ў залатым поясе і яшчэ адзін слуга, які стаяў ля мармуровай статуі, пакланіліся і выйшлі, зачыніўшы за сабою дзверы.
Нейкі час у зале была амаль поўная цішыня. Было чуваць крокі прыслугі і гасцей караля за дзвярыма. Адна са свечак стала вэндзіць і мігацець. Кароль глядзеў на яе танцуючы агеньчык і працягваў церабіць карункаваю хустачку. Нарэшце, адклаўшы яе ў бок, ён паклікаў госця да сябе жэстам рукі і ціха вымавіў:
– Падыдзіце бліжэй, Панурыш. У гэтым палацы і наогул ва ўсіх маіх палацах, столькі вушэй, што кожны мой удых і выдых апісваецца і адпраўляецца імператрыцы наўпрост у Пецярбург. І хоць мы з вамі будзем абмяркоўваць мае асабістыя справы, а не… – тут кароль узвысіў голас, – барані нас Усявышні, не бунт жа… – ён зноў стаў гаварыць ціха, – мне б хацелася, каб нашу справу ведалі толькі мы. Мы паглядзім, цi ажыццявіцца маё жаданне.
Кароль рухам вачэй паказаў на крываногі пуф, мяккае сядзенне якога было абцягнута чырвоным аксамітам, і калі яго госць падышоў, зняў з пуфа чорны кій з сярэбранай булавешкай і сказаў:
– Вы ўпэўнены, што гэта сёння зацьменне месяца?
– Цалкам.