Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх. Антось Уласенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - Антось Уласенка страница 15
![Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - Антось Уласенка Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - Антось Уласенка](/cover_pre1150322.jpg)
– Ну як вам, даражэнькі Бальтруце? – пачуўся знаёмы далікатны голас. – Як на мяне, харызматычна й густоўна. Адчуваецца дотык самабытнага творцы.
– Старычына Рэнзо? – прасыкаў Тронза. Без бальшыні зубоў прамовіць нават гэтыя два словы было няпроста.
Ён амаль не зьдзівіўся. Сьвядомасьць ужо складвала кавалачкі мазаікі, і вынік атрымваўся бязрадасным. Рука міжволі цягнулася да праменявіка, які ён узьвёў перад уваходам.
– Спадар Рэнзо. Рэнзо Лезгэ. Панібрацтва не пасуе дачыненьням шэфа з падначаленым. Мяркую, вы пагадзіцеся са мною, Бальтруце. Вам, натуральна, патрэбны час, каб асэнсаваць новы стан рэчаў. Не магу вас папракаць.
Тронза павярнуў нехлямяжую галаву і ўгледзеўся ў свайго супольніка – лупатага сухарлявага чалавечка ў гадох, як заўжды пры гальштуку й гарнітуры. Трыкутная галава з вузкім падбародзьдзем і высокім ілбом падавалася завялікаю для ягонага кволага цельца. Выцягнутыя, бы ў кажана, вушы амаль сягалі падбародзьдзя. Абвіслая скура мела зеленаватае адценьне – вынік доўгага жыцьця на станцыях пад узьдзеяньнем сонечнае радыяцыі. Сьлязістыя вочы даўно выцьвілі й зацягнуліся плевачкай, празь якую прасьвечвалі шэрыя зрэнкі. Гэтымі вачыма Рэнзо жаласна глядзеў на Тронзу, рыхтык перапрашаў за сваю бытнасьць.
– Вы не казалі, што доктар Лезгэ – ваш сын. І, пэўна, не зусім доктар.
– Ах, гэта дробязі… У Драманда талент, вы ня лічыце? Натуральны мастак. Натхняецца старасьвецкімі альбомамі. Ён і мне падправіў быў выгляд. Стаўся для яго, так бы мовіць, першым палатном.
Сам Драманд тымчасам усеўся на ўслон і зноўку вылупіўся на сьцяну.
– Прызнацца, я спадзяваўся на іншы вынік апэрацыі.
– Творчая натура, што зь яго возьмеш. Акадэміяў ня скончваў. Не прызнае рамак, грэбуе работаю на заказ, самі бачыце. А спадзевы… Няспраўджаныя спадзевы гартуюць характар.
– Як вы падрабілі квантавыя меткі? Ужо й маю́ маеце?
– Квантавую метку падрабіць нельга. Вы й самі ведаеце.
Тронза нахмурыў свае новыя кашлатыя бровы.
– Я вас ні ў чым не падмануў, даражэнькі Бальтруце, – уздыхнуў Рэнзо. – Гэта папраўдзе найлепшая маскіроўка. Ёю скарысталіся многія авантурнікі. Каторыя зь іх дагэтуль са мной. Тэльтрон Пратон радасна віхляе хвастом, як убачыць мяне, а Пранчуздра Дэнэльбромт ня можа нацешыцца сваёю барадой. Усе яны – і Ё-ё Крыкс, і Мезьвілёмій Арэскі – уласнаручна пакінулі свае меткі. Такую рэкамэндацыю ня купіш за грошы.
– То значыць, я мушу быць вам удзячны.
– Разумею, у вас зараз віруюць эмоцыі, вы наладжаныя здураваць. Цягнецеся па праменявік, але забываецеся, што ён зашыты ў галёнцы – нагі ў вас, на жаль, ужо няма. Лазэрную пістолю з зубу Драманд таксама дастаў, разам з бальшынёю зубоў. Даліпан, вы мусіце мне падзячыць: ён хацеў быў адняць вам абедзьве рукі,