Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх. Антось Уласенка

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - Антось Уласенка страница 12

Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - Антось Уласенка

Скачать книгу

style="font-size:15px;">      – Могуць. Калі зьяўляюцца ейнаю часткаю. Калі перастаюць быць людзьмі. Бо пакуль імі застаюцца, паўсюль нясуць з сабою самаразбурэньне. Гэта Зялёны чалавек навучыў антрапацэнтрыстых забароненым тэхналёгіям. Адказнасьць за іх сьмерць ляжыць на ім. Паглядзі, усё ўжо скончваецца.

      Калі б Фойкэ падняла свае фасетачныя вочы ўгару, яна б убачыла, што над гарызонтам узышоў Анун – спадарожнік Гвінвіду. Па ўсёй ягонай паверхні былі відаць зарнічныя выбліскі ракетных выбухаў. Падбітыя касьмічныя станцыі зьнічкамі падалі зь нябёсаў на тле туманнасьці Кілю. Зьнічак рабілася ўсё менш.

      Але Фойкэ вачэй не падняла. Тых самых вачэй, якія маглі глядзець на сто восемдзесят градусаў. Імі яна адначасна бачыла Мадыгана, які неадрыўна сачыў за ёй, справа і голы жывот Кэрнуна, да якога прыціскалася чэраўцам, зьлева. Тыдзень таму на загад Зялёнага чалавека яна лятала на арбітальную станцыю да сьветлякоў, якія пасьпелі адгадаваць сабе пяціпальцавыя канцавіны й навытырыцца ў біяінжынэрыі. Там зь ейнага яйкакладу вынялі ўсе яйкі, замяніўшы іх фугаснымі бомбачкамі.

      Рэзкім рухам Фойкэ выгнулася і ўсадзіла джала ў бок рагатаму богу. Ён застагнаў. У той жа момант Мадыган учапіўся ёй у грудзі, гадзюкі атакавалі галаву. Але было позна. Яна напружыла чэраўца й павыціскала бомбачкі ўнутар Кэрнуна. Фойкэ да апошняга ня верыла, што ў яе атрымаецца забіць бога, хоць Зялёны чалавек і запэўніваў, што той – просты сьмяротны.

      Выбухнула.

      У Ноч разьятраных зораў на Ануне й на арбіце загінула каля двух мільярдаў. Зялёны чалавек кажа, яны не былі людзьмі ў сучасным разуменьні, то й пераймацца дарма ня варта. Гэта гісторыя. Трэба жыць далей.

      Тае начы пачалося нашае вяртаньне да людзкасьці. У каторых з нас дагэтуль засталіся хвасты й мацалы, але гэта рудымэнты, ня больш за тое. Нашыя смакоўніцы цяпер няплодныя – ды замест таго, каб пасьсякаць, мы абкопваем і ўгнойваем іх, спадзяваючыся на перамены. Каторыя кажуць, бяз восаў-блястафагаў нічога не атрымаецца. З такімі ў нас размова кароткая.

      Граху біяцэнтрызму мы на душу ня возьмем.

      Найлепшая маскіроўка

      Як бы я ні любіў чытаць цьвёрдую НФ зь ейнымі рэвалюцыйнымі ідэямі й канцэптамі, ад якіх займае дух, таксама не абы-які сантымэнт маю да касмаопэры й «sword and planet». І дагэтуль у перапынках паміж Грэгам Бэрам і Грэгам Іганам з прыемнасьцю перачытваю забаўляльныя «Tschai» Вэнса, «Viagens Interplanetarias» дэ Кампа і «Majipoor» Сільвэрбэрга.

      Пачынаючы сваё знаёмства з фантастыкай, я, памятаю, дзівіўся: як так? Па «новай хвалі», па тым, як у канцы 60-х Дзілэйні напісаў быў «Бабілён-17», Жалязны – «Валадара сьвятла», а Дзік – «Убіка», – па ўсім тым Эдвін Таб як нічога ніякага кляпаў яшчэ не адзін дзясятак непатрабавальных раманаў пра Дзюмарэста з Тэры, а Лі Брэкет працягвала бясконцыя прыгоды Эрыка Старка на чарговай плянэце. Яна ж напісала сцэнар для пятага эпізоду «Зорных войнаў», дзе, як вядома, караблі так прыгожа, але абсалютна ненавукова выбухаюць у космасе.

Скачать книгу