Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх. Антось Уласенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - Антось Уласенка страница 8
![Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - Антось Уласенка Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - Антось Уласенка](/cover_pre1150322.jpg)
Ён вярнуўся да паліцаў з кнігамі. Усе яны былі напісаныя на пэргаміне са скуры гастраподаў. Не пасьпеў прагледзець «Гісторыю Зурвэльскага самаўраду», як ззаду пачуўся стомлены голас:
– Фар Утальтат, – у пакоі стаяў Слатэрэт Экраск, паджылы чалавек з доўгаю барадой, заплеценай у тры касіцы чырвонага, зялёнага й чорнага колераў. – Рэўбальд, – ківок на прыслужніка, – ня здолеў уцямна патлумачыць мне, хто вы такі й з чым прыйшлі. Кажэце наўпрост, зробце ласку. Ня будзем губляць часу, бо я заняты чалавек.
– Фар Экраск, я кніганоша. Дастаўляю на Анкег кнігі з космасу: запаляю каганец асьветы ў гэтым моры цямноты, так бы мовіць. То вырашыў завітаць і ў Кніжны цэх Номільну, прынёс колькі інкунабулаў.
Каўрыт паказаў на велічэзную торбу перад сабой.
– Што за кнігі? Якія ўмовы прапаноўваеце?
– Вось пра гэта я й хацеў пагаварыць. Але ж найперш хацеў бы дазнацца вашых рэлігійных перакананьняў. Гэта даволі істотны момант.
– Я вырабляю й прадаю кнігі, а не чытаю казані. Існуюць багі ці не йснуюць, мяне мала абыходзіць. Гэтае пытаньне ня мае прынцыповага значэньня. Прыпусьцім, што маюць рацыю друіды. Што гэта зьмяняе для мяне? Альбо прыпусьцім, усё так, як кажуць мрапаіты Эльтаму. Што з таго жыхаром Номільну? Лепей пяройдзем бліжэй да справы.
Каўрыт скрывіўся:
– Прывезеныя мною кнігі – сьвятыя тэксты касматэізму. Яны дазваляюць чытачом ступіць на шлях яднаньня зь Бясконцасьцю, адкрыць сваё сэрца для касьмічнае любові. Гэта асабліва актуальна тут, у Номільне, так недалёк ад касмапорту. Месьцічам дастаткова працягнуць руку, каб крануцца міжзорнае чысьціні й пазаплянэтнае гармоніі, а яны замест таго прыслухоўваюцца да цемрашальскіх забабонаў.
Слатэрэт уздыхнуў:
– Вы ня можаце не разумець: мяне найперш цікавіць, як прадаюцца кнігі. Я выдаю тое, на што ёсьць попыт. Тэалягічнымі матэрыямі хай займаецца цэх Асьветнікаў. Я не зацікаўлены ні ў прыняцьці, ані ў адмаўленьні будзь-якіх дагматаў. З іншага боку, ня маю нічога супраць, калі кніга добра разыходзіцца ды яшчэ спрыяе… гм-м-м… «пазаплянэтнай гармоніі».
– Я гатовы рэгулярна дастаўляць вам касматэістычныя кнігі па невысокім кошце: скажам, пяцьсот асобнікаў за дзьвесьце альдэраў. Першая партыя – дармовая. Проста вазьміце іх на распаўсюд. Упэўнены, паспаліты люд Номільну ўпусьціць касьмічную любоў у свае сэрцы.
– Дайце-тка зірнуць, – грандмайстра відавочна больш зацікавіла форма, чымся зьмест кнігаў. Ён хуценька прагартаў адную, памацаў і панюхаў старонкі. –