Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх. Антось Уласенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - Антось Уласенка страница 11
Ганчак зарыкаў, напужаўшы аляня, і зьвярнуўся да бога:
– Яна там штосьці мае.
Фойкэ спужана выгнулася й затуліла чэраўца ўсімі шасьцю канцавінамі.
– Вядома, мае. Пусьці яе, Мадыган. Неўзабаве адкладзе яйкі. Бачу, засталіся лічаныя дні, ці ня так?
Фойкэ моўчкі кіўнула й наблізілася да Кэрнуна. Той гэстам прапанаваў сядаць да яго на калені.
– Што прывяло цябе сюды, дачка мая блястафага?
– Я хацела задаць пытаньне.
– Мае дзеці заўжды могуць разьлічваць на мудры адказ свайго бога.
Фойкэ памулялася.
– За што?
Кэрнун глыбака ўздыхнуў і зь пяшчотаю пагладзіў асіныя крылцы.
– Яны ўзялі на душу грэх антрапацэнтрызму, – бог паглядзеў на гарызонт, дзе ўсё падалі й падалі зьнічкі. У ягоным голасе чулася непадробнае шкадаваньне. – Мне не пакінулі выбару.
– Кажаны, мурашы, дэльфіны, каты на Ануне, сьветлякі й перапёлкі на арбітальных станцыях і ў хабітатах… Гэта тэрыяцыд.
– Антрапацыд. Вымушаная мера. Яны больш ня могуць звацца запраўднымі жывёламі. Каляністыя на Ануне без майго нагляду пачалі мадыфікаваць целы, набліжаючы іх да чалавечых, а нашыя суплянэтнікі распрацоўваюць на арбіце забароненыя генэтычныя тэхналёгіі.
– Але ж мы ўсе калісьці былі людзьмі.
Кэрнун паклаў руку на шчаку Фойкэ й павярнуў ейную галаву, каб паглядзець у фасетачныя вочы.
– Няўжо Зялёны чалавек дабраўся й да Брэкільенскага лесу?
Ейныя вусікі заторгаліся.
– Кажуць, глыбака ўнутры мы дагэтуль засталіся людзьмі. Маўляў, людзі не павінныя адкладваць яйкі, гадавацца ў коканах, паядаць прадстаўнікоў свайго віду. Мы заслугоўваем на лепшае.
– А што ты хацела пачуць ад чалавека? Ён шавіністы – лічыць прыроду за нішто, як і любы антрапацэнтрысты.
– Тады патлумач: за што мне гэта? Чаму большую частку жыцьця я праводжу ўнутры смокваў і ня бачу белага сьвету? Чаму не пасьпела я ператварыцца зь лялечкі ў імага, як мяне апладнілі мае ж браты? Чаму потым мяне неаднойчы апладнялі ўласныя дзеці? Хіба гэта ня грэх? Чаму кожнага разу, шукаючы новую смокву на смакоўніцы, каб адкласьці яйкі, я мушу спадзявацца, што патраплю ў мужчынскае суплодзьдзе, бо жаночае ператравіць мяне дарэшты?
Ад хваляваньня дыхальцы па ўсім целе Фойкэ з шумам ганялі паветра.
– Бедная мая блястафага, – Кэрнун выглядаў пасумнелым, але не раззлаваным. – Ты наслухалася атрутных словаў і самая не разумееш свайго шчасьця. Раней, за часамі панаваньня чалавека, восы-блястафагі былі памерам з мой пазногаць, ня мелі розуму й жылі ня больш за пару дзён. Іхныя саміцы паміралі па першым жа прыплодзе. Дзякуючы майму клопату, вы жывяце сваім сёньняшнім жыцьцём. Ты пытаешся чаму? Бо так наканавана самою прыродаю.