Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героi. Алег Грушэцкі

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героi - Алег Грушэцкі страница 19

Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героi - Алег Грушэцкі

Скачать книгу

праходзьце. Аб вашым кані мы паклапоцімся.

      – Гляджу, мяне ўжо нехта апярэдзіў? – прамовіў рыцар, заўважыўшы, што яго скакун тут не адзін.

      – Так, толькі нядаўна прыехаў.

      – Гэта я бачу, – выказаўся ён, падыходзячы бліжэй.

      Рыцар пагладзіў каня па шыі і па корпусе, затым пацёр далоні і прамовіў:

      – Доўга ж, відаць, на ім скакалі, увесь упараны.

      – Стаміўся, бедны, – сказала Мілана і памкнулася паднесці каню мех з аўсом.

      – Пачакайце, калі ласка, – прыпыніў яе рыцар.

      – Ён цэлае вядро ад смагі за раз выпіў.

      – Мяркую, гэтага мала.

      – Мала? Цэлага вядра?

      – Так. Пажадана, каб яму яшчэ вядро налілі.

      – Ну што ж, вы лепей знаецеся ў конях, пайду яшчэ па ваду. А лепш два вядры адразу прынясу. Ваш конь, бачу, таксама патрабуе.

      – О, быў бы вельмі ўдзячны.

      – Ха, не варта, – адмахнуўся зычлівы хлопец.

      – А я пакуль іх аўсом пакармлю, – прапанавала Мілана.

      – Не-не, ні ў якім выпадку, – запярэчыў рыцар.

      – Чаму ж? – не зразумела дзяўчына.

      – Справа ў тым, што каня напачатку трэба напаіць вадой, а потым ужо можна даваць авёс. Калі даць каню запіць авёс, збожжа ўнутры разбухне, і конь будзе пакутваць на страўнік.

      – Зразумела, дзякуй за падказку.

      – Пазней мы ўжо самі сходзім на рэчку ды дагледзім, пакупаем іх.

      Янка хутка вярнуўся, але вёдры былі няпоўныя, для яго зацяжкія. Як толькі коні іх прагна асушылі, рыцар сам узяў ёмістасці і пайшоў па ваду, а Мілана клапатліва прынялася карміць першага каня.

      Як толькі яны накармілі коней, пачуўся хруст, а потым з-за дрэў паказаўся магутны зубр, прадстаўнік велічных і незалежных істот.

      І так на працягу ўсяго дня да іх далучаліся вайскаводцы, а таксама тыя, хто прагнуў вольнага і мірнага жыцця без прыгнёту і прымусу, хто быў гатовы ў бітве заваяваць для сябе свабоду.

      Пад канец вечара прыйшоў і баявы мядзведзь. Няспешна ідучы, ён падаваўся марудным. Але ў баі ці калі добра раззлаваць яго – паспрабуй яшчэ ўцячы, умомант дагоніць! Яго цярпліва чакалі, бо ўсе добра памяталі, як адважна і мужна баявыя мядзведзі сябе праявілі ў мінулых бітвах. Сапраўдныя прыроджаныя ваяры, вартыя павагі.

      Амаль усе прадстаўнікі гатовых падняцца на паўстанне былі ў зборы. Нарэшце было вырашана пачаць ваенную нараду. Вайскаводцы сабраліся вакол круглага стала. Іх мужнасць, гатоўнасць да справы выразна адлюстроўваліся на іх гордых і непакорных тварах. Іх вочы гарэлі, як у каршукоў, гатовых рынуцца ў бой. Але ўсе гэтыя бясстрашныя і загартаваныя ў баях ваяры пакорліва і ўважліва чакалі, што ім скажуць юныя рыцар і каралеўна. Бо ўсе добра ведалі і памяталі, што толькі дзякуючы юнакам была атрымана ў мінулы раз перамога. Усе былі ўдзячныя ім за гэта і шчыра спадзяваліся на тое, што пад іх умелым і таленавітым камандаваннем яны здолеюць атрымаць перамогу. Нават нягледзячы на тое, што іх сілы ладна патрапаныя.

Скачать книгу