Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героi. Алег Грушэцкі
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героi - Алег Грушэцкі страница 16
– Ай, як цудоўна! – шчыра здзівілася Мілана. – У нас такога, падаецца, і не знайсці.
– Дык мы жывём у лесе, – сціпла пахваліўся Пугач. – Вам смакуе?
– Шыкоўна!
Яна адпіла яшчэ, і напой, хоць і быў гарачы, прабегся па нутры адначасова цяплом і прыемнай прахалодай мятных траў. І адразу ж зрабілася так прыемна, лёгка і ўтульна…
– М-м-м, – была дзяўчына ў захапленні.
А потым яна яшчэ і адкусіла хатняе хрумсткае печыва, клапатліва вырабленае гаспадаром, запіла і тым засталася вельмі задаволеная:
– М-м-м, цудоўны смак.
– Мяне, прызнацца, вельмі цешыць, што так дагадзіў юнай пані, – расчулена прамовіў птах. – Але ж дзе наш Янка? Ён дагэтуль яшчэ не выйшаў. Няўжо яшчэ спіць?
– Напэўна. Я ўчора клалася, а ён заставаўся яшчэ пачытаць. У вас такая багатая і цікавая бібліятэка. Мой брат быў настолькі захоплены, што папросту не мог адарвацца. Я нават і не ведаю, а каторай ён лёг. Не здзіўлюся, калі ўжо пад раніцу.
– Ён, пэўна, аматар?..
– Так. Ён і дома шмат вольнага часу праводзіць за кнігамі.
– Гэта вельмі пахвальна, калі малады чалавек прагне ведаў і цягнецца да іх. Вельмі пахвальна! У вас, напэўна, таксама вялікая бібліятэка?
– Дастаткова багатая, але з вашай і блізка не параўнаць, – гаспадар, вядома ж, усцешыўся такім словам, прыняўшы іх за пахвалу. – Яе пачаў складаць яшчэ наш дзядуля, ён быў вучоны.
– Сапраўды?! – прыемна здзівіўся Пугач.
– Так. Потым працягнуў гэты занятак тата, ну і маці далучылася.
– А тата – таксама вучоны?
– Не, толькі дзядуля па маці. А маці ў нас лекарка.
– Мая ёй павага.
– Дзякуем! А нейкая частка кніг – наш унёсак.
– Вельмі добра.
– Тым не менш у вас кніг значна болей.
– Гэта і зразумела, – усміхнуўся птах. – Іх збірала шмат пакаленняў, многія з гэтых кніг значна старэйшыя за мяне. Ім нават больш гадоў, чым маім бацькам і бацькам маіх бацькоў.
– Ад гэтага яны яшчэ больш каштоўныя.
Нечакана іх размову перапыніў заспаны голас:
– Добрай раніцы! Ці дзень?!
Яны азірнуліся, і на іх тварах з’явілася лагодная ўсмешка. У пройме стаяў, пазяхаючы, паўсонны Янка, паціраючы вочы.
– Добрай!
– Нават не буду пытацца, выспаўся ты ці не, – пажартавала сястра.
– І не пытайся, – толькі адмахнуўся брат.
– Але ж а каторай ты лёг? – усё ж пацікавілася яна.
– Нават не ведаю, – толькі пацепнуў ён плячыма. – Але вельмі… – ізноў пазяхнуў ён.
– Вельмі познай ноччу ці ранняй раніцай? – не пераставала дражніцца сястра.
– Недзе паміж, – усміхнуўся хлопча. – Так засядзеўся, што і не прыпомню.
– Знайшлося што цікавае? – спытаўся гаспадар.