Вершнікі на дарозе. Маргарыта Латышкевіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Вершнікі на дарозе - Маргарыта Латышкевіч страница 2
І, самае галоўнае, – вочы. Не юначыя зусім. Ясныя зялёныя вочы, даўнія і мудрыя.
Нечалавечыя.
Востра пачуваючы сваю недарэчнасць і памылку, Лель выціснуў з сябе адно скупое: «Даруйце». Словы не ішлі з языка, а неспакой усё разрастаўся ўнутры, і сэрца ўспуджана тахкала часцей і часцей. Падавалася, быццам камяні патроху насоўваюцца, быццам каменнае кола зацягваецца, як пятля, і душыць, і навальваецца на прыхадня, на чужынца.
– Даруйце, васпане… – ледзь чутна паўтарыў Лель. Карцела зараз жа падскочыць і збегчы прэч, куды заўгодна, абы падалей. Але цела налілося страшэнным цяжарам, і ногі не неслі, не слухаліся, і сам Лель, як падавалася яму, урастаў у зямлю не горш за любы з белых валуноў, што ваяўніча тырчэлі на ўзгорку.
– Ты, мусіць, згубілася, чалавечае дзіця? – спытаў лютніст у сваю чаргу, цікаўна разглядаючы Лелеву доўгую кашулю з цёмнага радна, заляпаныя плашч і нагавіцы ды брудныя грубыя боты. Спытаў ён, па вялікім рахунку, дабрадушна, аднак Лель мімаволі падаўся назад, уціснуўся спінаю ў камень за сабою. Ён, вядома, знудзіўся ў самоце і бязлюддзі, блукаючы па пустках, але зусім не разлічваў, што на прыдарожным узгорку сустрэне аднаго з не-людзей.
Бабуля, сівая і ссохлая ад гадоў, цягнучы бясконцую нітку пражы, расказвала пра гэтых казкі, таксама бясконцыя. Казкі пра тых, вагнявокіх, што жывуць пад курганамі, што плятуць чары і песні, што заклінаюць камяні і ваду. Страшныя, магутныя, яны абрынаюцца на селішчы агнём і мячом, напускаюць зманы і моры, лятуць на крылах ледзянога ветру, заганяючы людзей як дзічыну. Уночы, асабліва ўзімку, і з хаты не выходзь – здалёк чуваць грымотны пошчак падковаў Дзікага Гону. Лятуць збройныя вершнікі на чале з неміласэрным Князем Зімы, і коні ў іх – цёмныя хмары, а па зброі, па даспехах караскаюцца ледзяныя ўзоры.
Дзікі Гон, разбуральны, небяспечны, нясецца па пустках, па палях і лясах, не разбіраючы дарогі, і каго са смяротных напаткае – таму не жыць. Жывое полымя з чалавечых ачагоў, праўда, не падпускае іх блізка, і ў дом, пакуль сцены стаяць, а агонь гарыць, ім не ўвайсці не запрошанымі. Так казала бабуля, і цень кола паварочваўся за ёю на сцяне, і цурчала верацяно ў цёмных старэчых пальцах. А маленькі Лель ад страху курчыўся пад тканаю посцілкай і выразна чуў, як неслася бура над дахам, як пошчак падкоў плыў пад сярэбранай поўняй, як пелі, далёкія і блізкія адначасна, рагі паляўнічых.
І зараз ён прыгадаў усе бабуліны показкі, усе скупыя згадкі пра вагнявокіх, якія толькі чуў ад дарослых, усе дзіцячыя сны, патрывожаныя бурай. Прыгадаў – і задрыжаў, бяссільна і асуджана ўціскаючыся ў камень, чужы і варожы, поўны бязлітаснай