Вершнікі на дарозе. Маргарыта Латышкевіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Вершнікі на дарозе - Маргарыта Латышкевіч страница 5
Слова сарвалася з вуснаў як бы само па сабе, цяжкае, страшнае, быццам не сам Лель яго вымавіў, а дакацілася рэхам старэчага каркання па слядах.
– …пачвара.
Йурай ускінуў бровы – недаверліва. Агледзеў суразмоўцу, звузіўшы вочы, прыпыніўся позіркам на Лелевым ценю, што трапятаў за ім у няпэўным зеленаватым святле вогнішча.
– О, бачыў я на сваім вяку жалуды, што выраслі ў стогадовыя дубы, – загаварыў лютніст, дзынкнуўшы завушніцай. – Але такіх пачвараў – не, бадай, не даводзілася.
Вусны Лелю звяло сутаргай – нібы ледзяная ігла прашыла, замыкаючы словы, адбіраючы мову. Злыя слёзы ўскіпалі на павеках, а хрыплае карканне «Праклён, праклён!» – затапіла з галавою, быццам даў нырца ў брудную ваду. І не было як расказаць, не было як вызваліцца. Не было як растапіць ледзяны камяк, што намёртва змёрзся ўнутры. Задыхаючыся ад нявыказаных словаў, што падступалі да горла, Лель мог толькі глядзець, як насцярожана хмурыцца лютніст, як цягнецца – па-над агнём – да ягонай, Леля, растрапанай галавы рукою. Як доўгімі пальцамі падчэплівае ля самай скроні нешта нябачнае, бязважкае – і ўсё-такі існае. Як з высілкам цягне тое нешта на сябе – быццам разгортваючы непадатлівы клубок нітак.
– …зарок на вуснах, – задуменна сказаў Йурай, і Лель, усхліпваючы, глядзеў, не верачы ўласным вачам, як пераліваецца на пальцах музыкі ніць з атрутнага срэбра. – Каб не распавёў пра тое, аб чым гаварыць табе забаранілі.
– Праклён, праклён!.. – каркнула зусім блізка, за колам дрогкага святла ад вогнішча, і цяжкія крылы начной птушкі пагрозліва білі сырое паветра, і полаг уяўнага шатра над прошчаю хіснуўся, быццам нешта спрабавала прайсці праз яго. Леля закалаціла частай дрыготкай. Йурай, які, здаецца, таксама пачуў гэты покліч, угледзеўся ў цемру за каменным колам і выскаліўся драпежнаю, амаль ваўчынай усмешкай.
– Што ж, – прагаварыў лютніст, з гідлівасцю скідваючы з пальцаў ніць чужога закляцця. – Калі ты, чалавечае дзіця, не можаш гаварыць, я стану тваім голасам.
Прагаварыў гэта і стрэліў паглядам, як стралою па-над вогнішчам, зірнуў агністымі зялёнымі вачыма. Прадзіраючыся скрозь насланую немату, скрозь ледзяныя іглы, скрозь знясіленасць, чорныя словы і злавеснае карканне.
Ніці памяці пацягнуліся да гэтага пагляду, апякаючы, успыхваючы балюча і страшна. І зноў была мешаніна з твараў ды постацей, і маленькія сёстры плакалі, і маці працягвала рукі, а бацькаў нож, бліснуўшы, абразаў Лелевы валасы, і тыя гарэлі ў агні разам з таемнымі травамі. І цягнулася зморшчаная рука з доўгімі кіпцямі, і запалы рот пагрозліва шамкаў, заклікаючы, заклінаючы, праклінаючы. І вочы глядзелі адусюль, шэпты разыходзіліся за спінаю. Сорам. Ганьба. Выгнанне.
І балючым апошнім ударам, як нажом пад лапатку, дабіваючы:
– Пачвара!..
– Я бачу, – бязгучна гаварыў лютніст, ценем крочачы за Лелем па няпэўнай сцяжыне памяці. – Я – бачу.
І Лель,