Вершнікі на дарозе. Маргарыта Латышкевіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Вершнікі на дарозе - Маргарыта Латышкевіч страница 8
Лютніст хмурыўся і глядзеў у агонь.
– Можа быць, – загаварыў ён няўпэўнена. – Можа быць, ёсць спосаб выбавіцца. Можа быць, яшчэ не ўсё страчана. Можа быць, Яна менавіта гэтага і дамагалася. Хто пад месяцам можа ведаць Яе разлікі?
– Адно… – Йурай пытальна зірнуў на Леля. – Што ты, чалавечае дзіця, гатовы аддаць, каб атрымаць жаданае? Каб… застацца сабой?
Лель задыхнуўся, сэрца ў яго прапусціла ўдар. Яму прапаноўвалі дапамогу – упершыню за ўвесь гэты час, пакуль бег ад сваіх, скурчаны пад цяжарам праклёну, пакуль хаваўся па лясах, зрэдку выходзячы да людзей. Гожы твар лютніста, праўда, быў досыць змрочны, і кожнае слова падала ля вогнішча важка, быццам цяжкая кропля начной залевы, і пракатвалася рэхам у каменным коле, і трымцела ў сырым паветры. Быццам спляталіся ў адмысловым малюнку нябачныя ніці.
– Што заўго… – з гарачнасцю выпаліў Лель, але пад позіркам лютніста асёкся, перавёў дыханне і, прадчуваючы нешта нядобрае, асцярожна ўдакладніў: – А… што патрэбна?
– Цана крывёй, – проста адказаў лютніст, і вочы ў яго засвяціліся цьмяным зялёным святлом, зусім як чароўны агонь, што рассыпаў іскры пад самыя зоры. Йурай працягнуў Лелю над вогнішчам свой касцяны нож, і Лелевы пальцы самкнуліся на дзяржальне.
– Ты не адзін з нас, – загаварыў лютніст. – І каб нашыя… каб Яе чары прапусцілі цябе, патрэбнае ахвяраванне. Зарок на крыві, клятва нашаму агню. Такі закон, даўні, як Яна.
– Іначай, – Йурай нахмурыўся. – Калі пойдзеш нашымі сцежкамі без дазволу і без блаславення, так ніколі і не здолееш вярнуцца.
Нож быў на дзіва лёгкі і зручна клаўся ў далонь. Падобны ён быў да ікла і, як звярыны ікол, быў востры, і часта дрыжалі ў паліраваным заточаным лязе надломленыя блікі ад вогнішча. Лель пракаўтнуў шорсткі камяк у горле.
– Над агнём, – цярпліва скіраваў яго лютніст. Лель пасунуўся бліжэй, выцягнуў рукі над вогнішчам і, зажмурыўшыся, правёў нажом-іклам па левай далоні. Балюча не было, і Лель непаразумела глянуў на руку. А там на светлай скуры пазначылася тонкая выгінастая рыса, быццам дадалася яшчэ адна да малюнку на далоні. Рыса набрыняла знутры барваю, пралілася – раз, два, тры – упрост у зялёныя языкі вогнішча. Лель толькі цяпер заўважыў, што гарыць яно без дроваў, быццам само сабою выліваецца з зямлі. Здзівіцца ён не паспеў, бо полымя раптоўна ўздыхнула, амаль як жывая істота. Уздыхнула – і паярчэла, затанчыла весялей.
– А зараз – глядзі, – строга загадаў Йурай. І Лель, выпусціўшы нож у траву, паслухмяна глядзеў у агонь – а можа, папросту не мог адарваць вачэй ад вогненнага танцу. Ува ўспышках, у іскрах, у мільгаценні і ззянні бачыліся звівы агромністага змяінага цела, і па гэтым целе, як па дарозе, высланай зеленаватымі вогненнымі лускавінамі, Лель пакрочыў, спускаючыся глыбей і глыбей.
І там, у мулкай няўстойлівай глыбіні нешта варухнулася, так што змяіныя звівы выгнуліся і некуды сышлі з-пад