Вершнікі на дарозе. Маргарыта Латышкевіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Вершнікі на дарозе - Маргарыта Латышкевіч страница 7
– Казалі, яна і сама чаруе, і чужыя чары здымае, – Лель уздыхнуў. – То я меркаваў… дакладней, спадзяваўся…
– Што адна ведзьма знішчыць праклён, насланы другой, – працягнуў за яго Йурай. Лелю ў ягоным голасе пачулася лёгкае адценне насмешкі, таму ён змрочна засоп. Але, абурана хмурачыся і паглядаючы на лютніста спадылба, не мог не пацікавіцца:
– А ты… ты і сам чаруеш. Можа, ты здолеў бы… развеяць?
Ён не змог дагаварыць: горла звяло сутаргаю.
– Я? – Йурай прыўзняў брыво. – Але ж не я, чалавечае дзіця, ударыў халодным металам па люстэрку Ўсёмаці. Не я праліў кроў у коле святых камянёў. Не, развейваць такія чары толькі табе, самому.
– Але што ж мне рабіць? – з горыччу спытаў Лель.
– Можа, блукаць па дзікіх пустках у мядзведжай шкуры, – нявінна прапанаваў яму лютніст. – Іншы-каторы з чалавечых сыноў, можа, за такое паўжыцця аддаў бы. Мядзведжая моц, звярынае чуццё. Што можа быць лепей? А ўзімку атрымаецца як след адаспацца ў берлагу.
– Пракаветныя пушчы цягнуцца амаль да самага мора, – заключыў Йурай, нявінна ўсміхаючыся. – Станеш блукаць па іх, як сапраўдны ўладар ляснога краю, патроху раствараючыся ў звярыным шале, пакуль нічога ад цябе ранейшага не застанецца. Чым не жыццё, а, чалавечае дзіця?
Лель, пакуль лютніст гаварыў, сцяўся ў камячок, абхапіўшы рукамі галаву. Ані моцы, ані чуцця, ані ляснога ўладарства яму не хацелася. Хацелася жыць, як раней, спакойна і мірна, у хаце на рачным беразе. Без звярыных сноў, без вядзьмарскіх чараў, без змяінага пляцення знакаў на чароўных камянях. Проста жыць.
– Я… не хацеў, – прагаварыў Лель здушана, апраўдваючыся – і сам няўпэўнены, за што менавіта.
Йурай усміхнуўся.
– У тым уся і справа, – заўважыў лютніст. – У тым і справа, што – хацеў ударыць і ўдарыў.
– І не старую ведзьму, чалавечае дзіця. А саму Усёмаці. Раганы – толькі люстэркі, скрозь якія глядзіць Яна.
– …але ж я не ведаў…
– Ды справа не ў тым, што ты ведаў, – Йурай пахітаў галавою, углядаючыся ў агонь. – А ў тым, што здзейсніў. Усёмаці… спрадаўняя, даўно ўрасла ў косткі гэтай зямлі. Яна сама – гэта зямля. Яна помніць вечна. І… помсціць вечна, калі на тое.
Лель схаваў твар у далонях. Кусаў вусны, марна змагаючыся са страхам, і адчуваў, як зацягваецца на ягонай шыі пятля – быццам змяіныя абдымкі.
– То лепш памерці, – глуха сказаў ён.
– О, калі б Яна хацела, – адгукнуўся Йурай, задуменна паціраючы падбароддзе. – Ты б ужо быў мёртвы, чалавечае дзіця. Але ў Яе свае разлікі. На нас усіх.
– Тады… чаго яна хоча? – спытаў Лель, не дужа тым сцверджаннем абнадзеены.
– А вось гэта, нарэшце, добрае пытанне, – Йурай з адабрэннем трасянуў валасамі, так што дзынкнула доўгая завушніца.