Вершнікі на дарозе. Маргарыта Латышкевіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Вершнікі на дарозе - Маргарыта Латышкевіч страница 11
![Вершнікі на дарозе - Маргарыта Латышкевіч Вершнікі на дарозе - Маргарыта Латышкевіч](/cover_pre1212001.jpg)
Яна працягнула Лелю руку ў белай пене карункаў, і вышыўка на яе вострым рукаве жыла, кацілася рачнымі хвалямі па пералівістым шоўку. Лель дрогкімі пальцамі крануўся белай далоні з чорным следам апёку. А яна ўсміхнулася драпежна і сціснула ягоныя пальцы сваімі, сталёвымі, халоднымі, з нечалавечаю сілай.
– Зарок ёсць зарок, – мовіла сурова. – І клятва ёсць клятва. Адгэтуль і давеку, дзіця.
Зялёныя агні, што мірна плылі ў паветры побач з ёю, зазвінелі нясцерпна гучна, амаль раз’юшана, і зала вакол раптам паблякла, рассыпалася на аскепкі, на іскры. Лель, усё яшчэ адчуваючы дотык яе рукі на сваёй, падаў у бездань, у цемру, бясконца і безнадзейна падаў, і сам патроху згасаў, як іскра ад вогнішча.
Сонца пякло яму ў галаву. Лель прыўзняўся на локці – і пабачыў знаёмае каменнае кола на вяршыні пагорка і чорныя прысак, у якім яшчэ варочаліся дробныя пробліскі былога агню. Пахла мёдам, ніжэй па схіле гулі пчолы, і хвалі верасовага мора ленавата варушыліся пад ветрам. Неба за ноч паспела ачысціцца, і цяпер ззяла радаснай сінню, і сонца прыпякала амаль па-летняму.
– Прачнуўся? – голасна спытаў лютніст, і Лель, здрыгануўшыся, павярнуў галаву на ягоны голас. Йурай, накінуўшы кароткі дарожны плашч, стаяў побач з адным з камянёў, і лютня ў скураным чахле прытулілася ў яго на плячы, гатовая да падарожжа.
– Дык гэта быў сон? – расчаравана спытаў Лель, калі яны, адзін за адным, спускаліся з пагорка па вузкай сцежцы. Йурай засмяяўся.
– Сон, – адказаў, паціснуўшы плячыма. – Або ява. Выбірай, чалавечае дзіця.
– Я хацеў сказаць, гэта была… няпраўда? – Лель з лёгкай дрыготкай прыгадаў галасы рагоў у начным лесе. – Усяго толькі мроя?
– А чаму сон абавязкова мусіць быць няпраўдай? – адгукнуўся Йурай, бліснуўшы на суразмоўцу ўсмешкай, і Лель змрочна засоп. У лютніста была дзівосная манера адказваць на пытанні, не даючы, уласна, адказаў. Зрэшты, вытрымаўшы нядоўгае маўчанне, Йурай злітаваўся.
– Так, – мовіў. – Ты цяпер звязаны зарокам. Так, ты цяпер мусіш выканаць тое, што паабяцаў Усёмаці. І так, яна, у сваю чаргу, абяцала забыць пра праклён і помсту.
– А што, – насмеліўся спытаць Лель. – Што яна казала пра… спаборніцтва паэтаў?
Йурай варухнуў бровамі.
– Хіба ёсць табе да гэтага справа? – спытаў лютніст. – Так або іначай, але я пакуль побач, а ў цябе дамоўленасць з Усёмаці. Толькі гэта і важна, не?
– Але… усё гэта быў сон? – азадачана нахмурыўся Лель. Зараз, удзень, ад успамінаў пра начное падарожжа накатвала вусціш, і дрыжыкі караскаліся па спіне. Бо калі гэта ўсё праўда – значыць, сіла той, што з’явілася ў Лелевым сне, не прыснёная,