Вершнікі на дарозе. Маргарыта Латышкевіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Вершнікі на дарозе - Маргарыта Латышкевіч страница 12
– Рушма, чалавечае дзіця, – прыспешыў Йурай, спрытна сядаючы верхам. – На двух нагах далекавата давялося б ісці, а паспяшацца нам варта. Хіба што, – дадаў лютніст насмешліва, – Лель пажадае ісці на чатырох уласных нагах, а не трэсціся ў сядле. Ён, Йурай, зусім не супраць, калі на тое.
– У сядле, – таропка пагадзіўся Лель. Асцярожна пагладзіў скакуна па льсняным баку – і конь павярнуў галаву, дабрадушна косячы цёмным вільготным вокам. Жывая, рэчыўная істота, з плоці і крыві, быццам і не было ніякіх чараў, быццам не вырас толькі што з верасовага суквецця.
Конныя, яны рынуліся па дарозе цераз пусткі, і прапахлыя мёдам верасовыя хвалі імкліва замільгалі абапал дарогі. Замільгалі – і патроху адкаціліся, засталіся за спінамі, за звівамі дарогі. Пабеглі частыя ўзгоркі, зарослыя маладымі асінкамі, і на іх Лелю час ад часу кідаліся ў вочы белыя камяні, што быццам бы вартавалі дарогу. За бярозавым гаем паказаўся, бліснуўшы срэбрам вады, вольны разлог рачной даліны – і таксама ў хуткім часе застаўся ўбаку. Йурай, скарачаючы шлях на захад, скіроўваў коней патаемнымі сцежкамі, што спавівалі надрэчныя ўзвышшы. Верасовыя скакуны віхурамі праносіліся праз сырыя асіннікі, праз светлыя бярэзнікі, без высілку, без стомы пераскокваючы цераз бураломы ды неглыбокія раўчукі, што беглі ў рачную даліну.
Яны ўварваліся пад шаты пушчы, пад покрыва старадаўніх хвояў. Па медных ствалах языкамі агню разбягаліся вавёркі, і цені асцярожных аленяў праносіліся ў зялёным паўзмроку, за сухімі маліннікамі. Хваёвыя вершаліны трапяталі і шапталіся пад ветрам, тут, пад лясным покрывам, амаль незаўважным. Частыя плямы сонечнага святла павольна паўзлі па меднай кары, быццам кроплі смалы, і гусцелі, бо сонца патроху апускалася ніжэй, а дзень каціўся да вечара.
Каляіны дарогі паўзлі па пяску, і з-пад капытоў няўрымслівых верасовых коней узляталі высока ўверх драбочкі жоўтага жвіру і зжоўклай ігліцы. А пушча цягнулася далей і далей, раскідвалася, распроствалася, бясконцая, старадаўняя, вечная. У мажных хвояў шырока разрасталіся кроны, і дрэвы нібы распраўлялі плечы, цягнучыся да неба. Лель, удыхаючы густы смалісты водар, глядзеў на гэтых волатаў у меднай лусцэ, што, мабыць, засталі яшчэ ягоных прашчураў, і думаў пра свет людзей, узгаданы лютністам як непазбежнасць. І ад гэтых думак чамусьці шчымела сэрца – няхай сам Лель быў, несумненна, часткаю таго новага, чалавечага свету.
Даўняя пушча, дарма што падавалася бясконцай, урэшце адступіла-такі. Спачатку рассеяўся зеленаваты паўзмрок, тады радзейшымі сталі дрэвы, пасля замест векавых волатаў дарогу абступілі іх унукі і праўнукі, таксама моцныя, але без той спрадвечнай велічнасці ды магутнасці. З узлеску, дзе густой сцяной стаялі, цягнучыся з кустоўя да сонца, тонкія сеянцы, было добра відаць рэдкія пагоркі, зарослыя дубровамі, а між імі – адваяваную ў пушчы зямлю, лугі і палеткі. Пасвіліся авечкі, перарывіста звінела жалейка, і рэдкія разложыстыя дубы ды хвоі, пакінутыя пасярод поля, глядзелі самотна, сіратліва.
Тут,