Барсум атакує. Генадзь Аўласенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Барсум атакує - Генадзь Аўласенка страница 3
– Прабачце, містэр Свенсан! – ледзь чутна прашаптала Лоран, адпусціўшы, нарэшце, рукі і нават зрабіўшы крок назад. – Я не павінна была… але ж я… мне… Не ведаю нават, што на мяне такое найшло! Яшчэ раз прашу прабачэння!
– Містэр Свенсан!
І настаўнік, і вучаніца зірнулі ў бок выхаду амаль адначасова. Там, прыхінуўшыся плячом да дзвярнога вушака, стаяла дырэктар гімназіі, міс Глорыя Мерыдыт. Дакладней, місіс Глорыя, як у размовах паміж сабой заўсёды называлі свайго непасрэднага начальніка настаўнікі гімназіі, бо замужам іх дырэктрыса ніколі не была…
А, урэшце, для яе дваццаці дзевяці гадоў гэта яшчэ не трагедыя. Цікава толькі, як даўно яна знаходзіцца тут, у кабінеце?
– Прашу прабачэння!
Па сухасці, якая ледзь прыкметна, але ўсё ж прагучала ў голасе дырэктрысы, Свенсан зразумеў, што знаходзіцца тая ў кабінеце ўжо даволі працяглы час. І, вядома ж, на свае вочы магла назіраць недарэчны гэты пацалунак…
Ці ўсё ж не паспела?
– Я не вельмі перашкодзіла?
– Ды не, – сказаў Свенсан, адчуваючы сябе даволі няёмка. – Зусім нават не перашкодзілі. – Ён памаўчаў крыху, адначасова з гэтым чамусьці папраўляючы гальштук. – А ў вас да мяне што, маецца нейкая асабістая справа?
– Я проста хацела напомніць, што чакаю вас праз паўгадзіны ў сваім кабінеце. Вы, спадзяюся, не забыліся аб сваім абяцанні зайсці да мяне сёння пасля заняткаў? Гэта наконт той нашай нядаўняй размовы…
– Я памятаю, – зманіў Свенсан, які і сапраўды паспеў забыцца аб гэтым сваім абяцанні. – Зайду абавязкова!
– Вось і цудоўна!
Рэзка павярнуўшыся на высокіх абцасах, міс Мерыдыт выйшла з кабінета, нават ні зірнуўшы пры гэтым ні на Свенсана, ні на Лоран, якая, нізка апусціўшы галаву, стаяла на ранейшым сваім месцы. Потым Лоран узняла галаву і паглядзела на настаўніка.
– Прабачце, містэр Свенсан! – прагаварыла яна дрыжачым ад хвалявання голасам. – З-за мяне вас зараз чакаюць буйныя непрыемнасці! А ў вас іх і так хапае…
– Буйныя непрыемнасці? – перапытаў Свенсан, адрываючы, нарэшце, погляд ад дзвярэй і пераводзячы яго на Лоран. – З чаго ты ўзяла, што мяне, наогул, чакаюць нейкія непрыемнасці?
– Я лепш пайду, – замест адказу прагаварыла дзяўчына. – Яшчэ раз прабачце, містэр Свенсан!
І Лоран выбегла за дзверы, перш чым Свенсан паспеў хоць штосьці ёй адказаць. Калі ж ён, праз некалькі хвілін сам выйшаў у калідор, дзяўчыны там ужо не аказалася.
Затое ў самым канцы калідора, ля кабінета хімічнай касмалогіі, было даволі шматлюдна. Не менш дзесятка здаравенных бэйбусаў стоўпілася там… і зараз яны з вясёлым гамам і рогатам спрабавалі адчыніць дзверы, якія знутры хтосьці трымаў. Нават не трымаў… калі Свенсан падыйшоў крыху бліжэй, ён зразумеў, што, наадварот, вучні гэтыя дзверы з рогатам прытрымліваюць, а адчыніць іх, адчайна і, на жаль, безпаспяхова спрабуе хтосьці знутры…
У гэты час адзін з вучняў азірнуўся і ўбачыў Свенсана.